Кошты на жыллё ў гарадах-спадарожніках будуць роўныя мінскім

27.07.2010 15:21
Архив Редакция

Кошт аднаго квадратнага метра ў першым горадзе-спадарожніку Мінску (Смалявічы) будзе супастаўны са сталічным. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення горадабудаўніцтва Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Сяргей Казлоўскі.

У выніку правядзення тэхніка-эканамічнага абгрунтавання спецыялісты высветлілі, што кошт квадратнага метра ў дамах з каркасным выкананнем у гарадах-спадарожніках будзе аналагічны кошту квадратнага метра ў Мінску з улікам усіх выдаткаў па наноў стваранай інфраструктуры, заявіў Сяргей Казлоўскі. У той жа час, па ягоных словах, выдаткі на будаўніцтва панэльных дамоў будуць ніжэйшыя, чым у сталіцы.

У цяперашні час у камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва стварылі эскіз архітэктурна-планіровачнага рашэння першай чаргі жылога раёна ў Смалявічах. Другі горад-спадарожнік у Смалявіцкім раёне плануюць узвесці ў форме катэджнага жылога раёна. Па словах Сяргея Казлоўскага, разліковая колькасць насельніцтва ў іх складае адпаведна 10 і 14 тыс. чалавек, перадае БелТА.

Крыніцамі фінансавання будаўніцтва першага раёна сёння выступаюць сродкі грамадзянаў, арганізацый-забудоўшчыкаў, гарадскога і рэспубліканскага бюджэтаў. У другім выпадку сталічныя ўлады толькі створаць праект, пабудуюць інжынерную інфраструктуру, аб’екты сацкультбыту, а зямельныя ўчасткі перададуць чаргавікам Мінску, і яны ўжо самастойна за ўласныя сродкі будуць будаваць жыллё. «Гэта іншы складнік выдаткаў для дзяржавы. Так, магчыма, людзі будуць атрымліваць дзяржпадтрымку, крэдыты, выкарыстоўваць свае асабістыя назапашанні», — сказаў начальнік упраўлення горадабудаўніцтва.