Кіраўніца Віцебскага райпо абрабавала дзяржаву на 600 млн. рублёў

10.06.2010 17:09
Архив Редакция

Суд Чыгуначнага раёна Віцебску вынес прысуд старшыні праўлення Віцебскага райпо Ганне Юшкевіч і двум яе намеснікам Андрэю Каральку і Раісе Ломач. Судом выяўлена, што абвінавачваныя нанеслі дзяржаве шкоду на суму ў 600 млн. рублёў (або 198,8 тыс. даляраў). Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Пракуратурай Віцебскай вобласці чыноўнікам было прад’яўленае абвінавачванне адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэксу: крадзеж у асабліва буйным памеры, злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі і службовы падлог.

Як высветліла следства, кіраўніца райпо разам са сваімі намеснікамі на працягу трох гадоў, з 2005 па 2008, ажыццяўлялі злачынную дзейнасць па махінацыях з буйной рагатай жывёлай.

Механізм злачынства выглядаў наступным чынам. Буйная рагатая жывёла ішла на продаж у Расію, а па дакументах выходзіла, што жывёла паступала на мясаперапрацоўчых цэх «Бабінічы» Віцебскага раёна. Адтуль ялавічына нібыта накіроўвалася на рэалізацыю ў розныя гандлёвыя кропкі.

Злачынная сетка распалася, калі ў кастрычніку 2008 года, каля вёскі Халіп Гарадоцкага раёна супрацоўнікі УБЭЗ УУС Віцебскага аблвыканкама затрымалі аўтамабіль Mercedes. У паўпрычэпе аператыўнікі знайшлі 50 галоў буйной рагатай жывёлы.

Паводле дамовы яны былі атрыманы ў ЗАТ «Ліпаўцы» намеснікам старшыні райпо для забою, перапрацоўкі і рэалізацыі праз дзяржаўную гандлёвую сетку. Аднак па загадзе кіраўніцы райпо дадзены тавар на суму 57 млн. рублёў без заключэння адпаведнае дамовы і аплаты быў перададзены жыхару пасёлка Шаркаўшчына, які збіраўся вывезці яго ў Расію. Для ўтойвання гэтага факту, у райпо выпісалі беставарныя накладныя на адданне жывёлы Аршанскаму мясакамбінату.

Па гэтай справе, суд прысудзіў Ганне Юшкевіч шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, яе намеснікі атрымалі чатыры з паловай і пяць гадоў пазбаўлення волі (з канфіскацыяй маёмасці).

Как вам новость?
Головоломки