Кіраўніцтва БАЖ просіць Лукашэнка вызваліць фігурантаў "справы 19 снежня"

23.06.2011 15:52
Архив

Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў на пасяджэнні 21 чэрвеня прыняло рашэнне звярнуцца да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб вызваленні фігурантаў "справы 19 снежня". У сваім звароце журналісцкая супольнасць таксама заклікала кіраўніка дзяржавы спыніць крымінальны пераслед журналіста Андрэя Пачобута.

Акрамя таго, БАЖ просіць Аляксандра Лукашэнку даручыць міністэрству інфармацыі Беларусі адклікаць іскі аб закрыцці газет «Народная воля» і «Наша Ніва» і абавязаць мінінфармацыі адмяніць рашэнне аб спыненні вяшчання «Аўтарадыё».

Дадзены зварот кіраўніцтва БАЖ склала пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленай падчас прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня. Тады кіраўнік дзяржавы заявіў, што разгледзіць пытанне аб магчымым вызваленні фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 снежня ў выпадку, калі журналісцкая супольнасць звернецца да яго асабіста з такой просьбай.

Сярод асуджаных па «справе 19 снежня» аказаліся шасцёра журналістаў і членаў БАЖ: Аляксандр Атрошчанкаў, Дзмітры Бандарэнка, Павал Севярынец, Ірына Халіп, Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута.

БАЖ нагадаў Лукашэнку, што ён — гарант Канстытуцыі

«ГА «БАЖ» лічыць іх крымінальны пераслед абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў, гарантаванай арт.арт 33, 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Заклікаем Вас як гаранта Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна дамагчыся вызвалення і спынення крымінальнага пераследу ўдзельнікаў падзей 19 снежні 2010 года», — гаворыцца ў звароце БАЖ.

«Упэўненыя, што такое Ваша рашэнне самым станоўчым чынам было б успрынята і ўнутры краіны, і за яе межамі, прывяло б да зніжэння сацыяльнай напружанасці ў беларускім грамадстве і пазітыўна адбілася б на іміджы дзяржавы», — падкрэслілі сябры арганізацыі ў сваім звароце.

Члены журналісцкай супольнасці звяртаюць увагу прэзідэнта на тое, што сітуацыя са свабодай выказвання меркаванняў у Беларусі ў апошні час стала крытычнай. У прыватнасці, сур’ёзную заклапочанасць БАЖ выклікаюць працэсы па закрыцця газет «Народная Воля» і «Наша Ніва». «Падобнае ўмяшанне міністэрства інфармацыі Рэспублiкi Беларусь у іх дзейнасць парушае нават мінімальныя стандарты дапушчальнага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў», — лічаць у БАЖ.

Як перадаваў Тэлеграф, Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня на прэс-канферэнцыі заявіў, што ў краіне «няма палітвязняў». Разгледзець пытанне аб вызваленні фігурантаў «справы 19 снежня» кіраўнік дзяржавы гатовы, паводле яго слоў, у выпадку іх асабістага звароту.

«Вы лічыце, што я дыктатарам, дык чаму вы мяне штурхаеце да парушэння закона? Я маю права памілаваць па канстытуцыі, але гэта не абавязак. Для гэтага яны яшчэ павінны да мяне звярнуцца. Звернуцца, будзем разглядаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.