Краіны Балтыі супраць эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі

28.01.2011 16:56
Архив Редакция

Міністры замежных спраў Латвіі, Эстоніі, а таксама прэс-сакратар прэзідэнта Літвы Лінас Бальсіс заявілі, што выступаюць супраць эканамічнага ціску на Беларусь. Палітыкі лічаць, што ўвядзенне эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі з'яўляецца неабгрунтаванай мерай. 

«Мы падтрымліваем візавыя абмежаванні для тых, хто нясе адказнасць за парушэнні дэмакратычных працэсаў», — заявіў агенцтву AFP міністр замежных спраў Латвіі Гіртс Валдзіс Крыстоўскіс.

Акрамя таго, па словах кіраўніка МЗС Латвіі, латвійскі бок «не ўхваляе ўвядзенне эканамічных санкцый, таму што гэта закране звычайных людзей і раней падобныя меры не даказалі сваёй эфектыўнасці».

У сваю чаргу, міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт заявіў, што любыя санкцыі не павінны нашкодзіць жыхарамі Беларусі. «Нам нашмат больш актыўна трэба падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы ў Беларусі», — сказаў ён, перадае DELFI.

Між тым прэс-сакратар прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце Лінас Бальсіс заявіў, што Літва падтрымае ўвядзенне абмежаванняў для афіцыйных асоб Беларусі. «Аднак прэзідэнт лічыць, што эканамічныя санкцыі супраць усяго беларускага народа ўводзіць нельга», — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта Літвы.