Кіраўнік Еўрапарламенту патрабуе неадкладнага вызвалення Пачобута

15.02.2011 11:47
Архив Редакция

Старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузек звярнуўся да беларускіх уладаў з патрабаваннем вызваліць з-пад арышту польскага журналіста Андрэя Пачобута. 11 лютага яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "актыўны ўдзел у масавых беспарадках і выкрыкванне антыўрадавых лозунгаў" 19 снежня 2010 года ў Мінску.

Ежы Бузек лічыць, што дадзены арышт з’яўляецца праявай «ціску ўладаў у Мінску на тых грамадзян сваёй краіны, якія маюць смеласць думаць інакш і казаць пра гэта адкрыта», перадае Gazeta Wyborcza.

Акрамя таго, кіраўнік Еўрапарламенту заявіў, што Еўрасаюз рашуча асуджае пераслед членаў неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі і іншых грамадскіх арганізацый краіны.

У сваю чаргу дэпутат Сойму Польшчы Павел Коваль 14 лютага заявіў, што арышт Андрэя Пачобута «пацвярджае той факт, што цяперашняя палітыка Польшчы ў дачыненні да Беларусі была памылковай». На думку палітыка, у наяўнай сітуацыі аднымі толькі заявамі вырашыць праблему не ўдасца, перадае ІА «REGNUM-Беларусь».

«Сёння гаворка ідзе не пра крытычныя ці стрыманыя заявы. Сёння важна прадпрымаць пэўныя эфектыўныя дзеянні. І пытанне ў тым, ці здольны прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі на якія-небудзь эфектыўныя дзеянні ў пытанні вызвалення Андрэя Пачобута», — сказаў Павел Коваль.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Андрэй Пачобут 19 снежня знаходзіўся на плошчы Незалежнасці ў якасці журналіста. Пасля яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках. Справа карэспандэнта разглядалася ў Кастрычніцкім судзе Мінску, які прысудзіў яго да штрафу ў 1,75 млн. рублёў (580 даляраў). Аднак Кастрычніцкая раённая пракуратура дабілася накіравання справы на новы разгляд. 1 лютага журналіста прысудзілі да 15 сутак пазбаўлення волі.

У Горадні 13 лютага адбылося надзвычайнае паседжанне Галоўнай рады афіцыйна не зарэгістраванага Саюза палякаў, падчас якога яго члены падпісалі зварот да прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага. Кіраўніка дзяржавы заклікалі паспрыяць вызваленню Андрэя Пачобута, які з’яўляецца старшынём рады.

Как вам новость?