Кіраўнік мінінфарма заклікаў чыноўнікаў не баяцца камераў і мікрафонаў

23.07.2010 09:23
Архив Редакция

Міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі ў ходзе працоўнай паездкі ў Мінскую вобласць прызнаў, што беларускія чыноўнікі і міністры менш публічныя у параўнанні са сваімі заходнімі калегамі, і патлумачыў гэта тым, што «такія чынавенскія традыцыі ў многіх краінах СНД». У сувязі з гэтым кіраўнік мінінфарма заклікаў беларускіх кіраўнікоў «не ўцякаць ад камераў і мікрафонаў».

Міністр таксама правёў нараду па пытанні ўдасканалення інфармацыйна-прапагандысцкай працы, на якой адзначыў, што развіццё рэгіянальных СМІ (у першую чаргу тэлерадыёвяшчання) з’яўляецца ключавым прыярытэтам дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Алег Праляскоўскі лічыць лагічным, што ў рэспубліканскіх рэйтынгах прэсы мясцовыя мас-медыя, карыстаючыся даверам грамадзянаў, займаюць другое месца, саступаючы толькі цэнтральнай газеце «Савецкая Беларусь», паведамілі ў міністэрстве інфармацыі.

Прызнаўшы наяўнасць у рэгіянальных СМІ праблемаў з якасцю публікаваных матэрыялаў і формамі іх падачы, дэфіцытам праблемных, крытычных матэрыялаў, агульнаадукацыйных і асветніцкіх праграмаў і публікацыяў, недахопам творчых і таленавітых журналістаў, кіраўнік мінінфарма падкрэсліў, што рэгіянальным СМІ зараз не варта рабіць самамэтай выхад на самаакупальнасць.

«У цяперашні час акцэнт трэба рабіць на інфармацыйна-ідэалагічны складнік. Галоўным рэдактарам неабходна праводзіць больш гнуткую рэдакцыйна-выдавецкую палітыку, дамагацца жанравай разнастайнасці», — падкрэсліў міністр.

Праляскоўскі: беларускім чыноўнікам не варта ў прыватным парадку выступаць у інтэрнэце

Алег Праляскоўскі таксама звярнуў увагу мясцовых кіраўнікоў на неабходнасць больш актыўна развіваць сайты рэгіянальных СМІ ў інтэрнэце і рабіць іх істотна адрознымі ад друкаваных версіяў выданняў.

«Даступны ўсім электронны варыянт павінен утрымліваць, у першую чаргу, аператыўныя звесткі, быць дыскусійнай пляцоўкай у выглядзе розных форумаў і блогаў, а друкаваны — ўключаць у асноўным аналітычныя публікацыі», — растлумачыў міністр інфармацыі Беларусі.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта аб мэтазгоднасці размяшчэння ў Сеціве персанальных старонак беларускіх чыноўнікаў па аналогіі з замежнымі палітыкамі, Алег Праляскоўскі заявіў, што не лічыць мэтазгодным, каб у Беларусі міністры ў прыватным парадку размаўлялі з вэб-карыстальнікамі.

«Члены расійскага ўрада сваіх старонак у інэце не маюць. Бо ў любой краіне выказванне высокапастаўленага чыноўніка — фактычна афіцыйная пазіцыя адпаведнага ведамства. Тым больш што ў сеціве вельмі актыўна выступаюць іншыя прадстаўнікі беларускай прэсы, навукі, культуры. Напрыклад, дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала і іншыя», — сказаў кіраўнік мінінфарма.

У заключэнне Алег Праляскоўскі пажадаў прадстаўнікам СМІ майстэрства, бесстароннасці, натхнення і дасягнення новых творчых вяршыняў.