Кіраўнік МУС Беларусі: я асабіста загадаў разагнаць "Плошчу"

26.01.2011 16:40
Архив Редакция

Міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў 26 студзеня заявіў, што ён асабіста аддаў загад аб разгоне несанкцыянаванага мітынгу апазіцыі ў Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Паводле яго слоў, па стане на 26 студзеня затрымана 50 актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў, з іх 37 прад'яўлена абвінавачванне. 

Па словах міністра, 33 чалавекі, якім прад’яўленае абвінавачванне і абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, знаходзяцца ў СІЗА. «У дачыненні да чатырох прынятая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе», — заявіў Анатоль Куляшоў, перадае БелТА.

Па справе аб масавых беспарадках ёсць таксама 12 падазраваных, адзначыў кіраўнік МУС. «З гэтых 50 чалавек 16 ужо раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за такія злачынствы, як рабаванне, крадзеж, крадзеж аўтамабіля, пашкоджанне маёмасці», — дадаў міністр унутраных спраў.

Акрамя таго, па словах кіраўніка МУС, міліцыя 19 снежня паводзіла сябе максімальна карэктна ў дачыненні да ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі.

Куляшоў: справы ўдзельнікаў масавых беспарадкаў накіруюць у суд у лютым

Міністр таксама паведаміў, што матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да актыўных 19 снежня будуць накіраваныя ў суд у першых датах лютага.

«У ходзе судовых працэсаў журналісты змогуць рэальна ўбачыць, была правакацыя з боку спецслужбаў або не на плошчы Незалежнасці 19 снежня», — запэўніў Анатоль Куляшоў.

Куляшоў: у заходніх краінах падобны мітынг наогул не адбыўся б

Вяртаючыся да дзеянняў міліцыі падчас акцыі беларускай апазіцыі ў сталіцы, Анатоль Куляшоў сказаў: «Усё рабілася для таго, каб органы правапарадку не абвінавацілі ў тым, што яны замінаюць свабоднаму волевыяўленню грамадзянаў, парушаюць правы, свабоды і дэмакратыю ў краіне».

У прыватнасці, міністр адзначыў, што міліцыя не адрэагавала нават тады, калі прагучаў заклік пайсці з Кастрычніцкай плошчы ў бок рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы. «Затым быў другі заклік — аб захопе будынка ЦВК і Дома ўрада», — дадаў Анатоль Куляшоў.

Анатоль Куляшоў адзначыў, што ў заходніх краінах падобны мітынг наогул не адбыўся б. «Вы ведаеце, які там парадак. Там нішто падобнае ніколі не змогуць правесці. Возьмем, напрыклад, Германію — там выразна вызначаны месцы, дзе можна праводзіць падобныя мерапрыемствы. Вы што, хочаце сказаць, што каля Бундэстагу або пры рэзідэнцыі прэзідэнта можна правесці падобнае мерапрыемства? Не!», — заявіў міністр унутраных спраў.

Па словах Анатоля Куляшова, супрацоўнікі міліцыі таксама імкнуліся не чыніць перашкодаў для журналістаў, якія маглі здымаць усё, што адбываецца. Гэты факт пацвярджаецца, у тым ліку, вялікай колькасцю відэа- і фотаматэрыялаў у розных СМІ аб падзеях вечара 19 снежня, адзначыў кіраўнік МУС.

Куляшоў: мы не маглі дапусціць, каб так званыя рэвалюцыянеры парушылі стабільнасць у Беларусі

Аднак, як падкрэсліў Анатоль Куляшоў, калі падзеі пачалі прымаць пагрозлівы абарот, міліцыя была вымушаная адрэагаваць для навядзення парадку. «Былі зроблены актыўныя захады для таго, каб абараніць Дом ўрада, паколькі гучалі адкрытыя заклікі да захопу Дома ўрада: «Знаходзьце цэглу, камяні, будзем біць міліцыю, усіх тых, хто нам супрацьстаіць», — расказаў міністр.

«Мы не маглі дапусціць, каб гэта полымя, якое запалілі кандыдаты ў прэзідэнты, так званыя рэвалюцыянеры, парушыла парадак і стабільнасць у Беларусі, — заявіў Анатоль Куляшоў. — Хіба можна было паступіць па-іншаму, калі на працягу многіх месяцаў ішоў актыўны заклік з боку кандыдатаў у прэзідэнты і не толькі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. Пры гэтым ніхто нават не знайшоў час падаць заяўку ў адпаведныя органы выканаўчай улады на права правядзення такога мерапрыемства. Гэта значыць людзі першапачаткова ўсвядомлена ішлі на парушэнне закона».

Как вам новость?
Головоломки