Кіраўнік МЗС Чэхіі: у Беларусі яшчэ ёсць час вырашыць свой лёс

01.04.2010 18:05
Архив Редакция

Кіраўнік міністэрства замежных спраў Чэхіі Ян Кагоўт лічыць, што "яшчэ досыць шмат часу для таго, каб з Мінска прыйшоў ясны адказ на пытанне, як там уяўляюць лёс сваёй краіны". Такую заяву кіраўнік МЗС Чэхіі зрабіў у сувязі з дзейснымі санкцыямі супраць беларускіх службоўцаў з боку Еўрасаюза, пытанне пра магчымае здыманне якіх увосень будзе разглядаць Рада міністраў ЕC.

«Чэхія  надзвычай уважліва сочыць за сітуацыяй у сферы павагі правоў чалавека і за крокамі па дэмакратызацыі ў Беларусі. Нас турбуюць некаторыя новыя моманты ці выбрыкі супраць незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый», — цытуе «Еўрапейскае радыё для Беларусі» словы Яна Кагоўта.

Па словах еўрапейскага дыпламата, будучыня санкцый «не толькі ў руках Чэхіі і ЕС, яна, першым чынам, у руках адміністрацыйнага апарата і ўраду ў Мінску». «Быць ім ці не быць, вырашыць не Чэхія, а тое, якім чынам сябе будзе паводзіць Мінск», — сказаў Ян Кагоўт.

«З нашага боку гэта зусім не шантаж, а толькі пасоўванне тых дэмакратычных прынцыпаў, стандартаў і каштоўнасцяў, да якіх мы прызвычаліся і якія лічым дзейснымі і ўніверсальнымі не толькі для Ўсходняй Еўропы ці для Чэхіі, але і для Беларусі», — падкрэсліў кіраўнік чэшскага МЗС.

Па словах Яна Кагоўта, у выпадку, калі «ў Беларусі не будзе дасягнута прагрэсу ў сферы абароны правоў чалавека ці прагрэсу ў дэмакратызацыі, пра якія ўжо гэтулькі разоў казалі, у такім разе з цяжксцю можна сабе ўявіць якую-небудзь велізарную пазітыўную змену пазіцыі Чэхіі ў гэтым пытанні».

«Але я ўсё яшчэ веру, што час, які ёсць у распараджэнні, будзе хутчэй матываваць да пазітыўных крокаў з боку Мінска, якія пераканаюць нас у тым, што сітуацыя сапраўды значна і сістэмна змяняецца», — заявіў кіраўнік МЗС Чэхіі.

Как вам новость?