Кіраўнікі МЗС Германіі і Польшчы "злавілі на слове" Лукашэнку

03.11.2010 09:26
Архив Редакция

Прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі павінна адрознівацца ад усіх папярэдніх выбараў з пункту гледжання свабоды і празрыстасці, заявілі 2 лістапада ў Мінску міністры замежных спраў ФРГ і Польшчы Гіда Вестэрвеле і Радаслаў Сікорскі. «Мы ловім на слове прэзідэнта Беларусі, што гэтыя выбары будуць іншымі, чым папярэднія», — адзначылі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў.

«Дэмакратычныя выбары — гэта не толькі сумленны падлік галасоў, але і сітуацыя ў краіне за шмат месяцаў і тыдняў да выбараў. Гаворка ідзе не толькі аб сумленным падліку галасоў, але і аб удзеле прадстаўнікоў апазіцыі ў працы выбарчых камісій, а таксама аб вольным доступе кандыдатаў у прэзідэнты да дзяржаўных СМІ», — заявіў Радаслаў Сікорскі.

«Падкрэсліваю, свабодныя і сумленныя выбары не азначаюць магчымасць у дзень галасаваньня аддаць свой голас не тых, хто мае ўладу, а магчымасць кандыдатам свабодна і бесперашкодна прапагандаваць свае ідэі, мець доступ да СМІ», — дадаў Гіда Вестэрвеле, перадае прэс-цэнтр «Хартыі 97» .

Пры гэтым кіраўнік МЗС Польшчы адзначыў, што «папярэднія выбары ў Беларусі не былі сумленнымі». «Для мяне сумленныя выбары — гэта выбары, вынік якіх невядомы загадзя. Мы вопытныя палітыкі і ведаем, якая палітычная сістэма ў Беларусі», — сказаў Радаслаў Сікорскі.

Тлумачачы свой візіт у Беларусь, польскі міністр адзначыў: «Наш візіт — гэта дэманстрацыя салідарнасці з беларускім народам, які з’яўляецца еўрапейскім народам».

Кіраўнікі МЗС прызавуць ЕС пільна сачыць за выбарамі ў Беларусі

Радаслаў Сікорскі адзначыў, што ў выпадку, калі Беларусь пойдзе па шляху дэмакратызацыі, яна зможа разлічваць на дапамогу ЕС у памеры трох мільярдаў еўра. «Да прыкладу, Малдова — краіна значна меншая, чым Беларусь, але ў бліжэйшыя два гады яна атрымае два мільярды еўра з Міжнароднага валютнага фонду, Еўрапейскага банка развіцця, у рамках праграмы Суседства. Беларусь магла б разлічваць на вялікую дапамогу», — лічыць польскі міністр.

Пры гэтым кіраўнік МЗС ГЕрманіі, кажучы аб магчымасці прыходу інвестыцый у Беларусь, падкрэсліў, што «добрая ўмова для інвеставання ў краіну — гэта захаванне правоў чалавека». Па словах Гіда Вестэрвеле, «дарога Беларусі ў Еўропу ідзе праз мост, а гэты мост стаіць на чатырох апорах: дэмакратыя, прававая дзяржава, правы чалавека, свабодныя і справядлівыя выбары».

Кіраўнік МЗС Германіі заявіў, што па вяртанні дадому ён і Радаслаў Сікорскі звернуцца з сумеснай заявай да сваіх еўрапейскіх калегаў з заклікам накіроўваць прадстаўнікоў сваіх краін у Беларусь для назірання за выбарамі. «Павінны прыехаць як мага больш назіральнікаў, каб сачыць за гэтымі выбарамі вельмі пільна», — заявіў Гіда Вестэрвеле.

Как вам новость?
Головоломки