Кіраўнік Нацбанка прадракае Беларусі рэзкі прыток валюты

11.01.2011 17:27
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 студзеня прыняў з планавай справаздачай старшыню праўлення Нацыянальнага банка Пятра Пракаповіча. Кіраўнік Нацбанка ў ходзе даклада выказаў упэўненасць у тым, што ў 2011 годзе ў НББ "ёсць усе магчымасці выканаць паказчык па золатавалютных рэзервах", якія павінны ўзрасці не менш чым на 1,2 млрд. даляраў.

«Гэта звязана з тым, што ў нас значна лепшае будзе сальда знешняга гандлю, значна большы будзе прыток валюты ад экспарту тавараў і паслуг», — растлумачыў Пётр Пракаповіч.

У прэс-службе кіраўніка дзяржавы адзначылі, што за 2010 год міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі, разлічаныя па методыцы МВФ, скараціліся на 11% да 503 млрд. даляраў, хаця планавалася, што яны ўзрастуць на 0,5-1,83 млрд. даляраў па стандартах МВФ.

Пракаповіч заклікаў беларусаў несці зберажэнні ў банкі

Па словах старшыні НББ, прычынай невыканання гэтага паказчыка стаў ажыятажны попыт насельніцтва на валюту, асабліва ў канцы года. «Цяпер яго ўжо няма. У мінулым годзе мы прадалі на чыстай аснове насельніцтву 1,5 млрд. даляраў. Гэтыя грошы сышлі з золатавалютных рэзерваў і яны фактычна ляжаць у насельніцтва дома, замест таго каб працаваць на рэспубліку, на эканоміку», — падкрэсліў Пётр Пракаповіч.

«Я хацеў бы параіць грамадзянам, якія захоўваюць грошы дома, усё роўна ў беларускіх рублях ці ў іншай валюце, прынесці іх у банк. Па-першае, там забяспечваецца захаванасць зберажэнняў, па-другое, налічваюцца працэнты. Тады гэтыя грошы будуць выкарыстоўвацца для эканомікі, для таго, каб наша жыццё палепшылася», — адзначыў кіраўнік Нацбанка.

Пракаповіч: банкаўская сістэма дала ў 2010 годзе ўсё, што трэба рэальнаму сектару

Старшыня НББ таксама даклаў прэзідэнту аб тым, што ўсе паказчыкі ў грашова-крэдытнай палітыцы, у прыватнасці, па стабільнасці курсу рубля, па крэдытаванні эканомікі, па працэнтнай палітыцы і функцыянаванні аплатнай сістэмы, у 2010 годзе выкананы.

«Гэта значыць, эканоміка Беларусі атрымала ад банкаўскай сістэмы ўсё, што трэба рэальнаму сектару», — рэзюмаваў Пётр Пракаповіч.

Закранаючы саму банкаўскую сістэму, кіраўнік Нацбанка адзначыў, што тут было забяспечана нарошчванне рэсурснай базы, уласнага капіталу банкаў, выкананне ўсіх нарматыўных паказчыкаў. «Гэта стварае упэўненасць у тым, што і ў бягучым годзе ўсе запланаваныя паказчыкі банкаўскай сістэмай будуць выконвацца», — адзначыў ён.

Лукашэнка патрабуе ад Пракаповіча выканаць усе паказчыкі і ў 2011 годзе

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Нацыянальнага банка выканання ўсіх паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі ў 2011 годзе. Асаблівая ўвага, па словах кіраўніка дзяржавы, павінна быць нададзена крэдытаванню рэальнага сектара эканомікі, выкананню параметраў, якія закладзены па працэнтнай палітыцы, і самае галоўнае — забяспечыць стабільную і эфектыўную працу банкаўскай сістэмы.

Пётр Пракаповіч запэўніў прэзідэнта, што ўсе паказчыкі, закладзеныя ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 год, зацверджаныя адпаведным указам кіраўніка дзяржавы, будуць выкананы ў поўным аб’ёме.

Как вам новость?