Кіраўніка Мінскай калегіі адвакатаў адхілілі ад працы ў кваліфікацыйнай камісіі

21.02.2011 11:36
Архив Редакция

Міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў сваім загадам ад 18 лютага вывеў кіраўніка Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандра Пыльчанку са складу кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці. Прычынаў дадзенага кроку ў міністэрстве юстыцыі не патлумачылі.

Між тым, напярэдадні адхілення ад працы ў кваліфікацыйнай камісіі Аляксандр Пыльчанка выказаў занепакоенасць тым, што мінюст пазбавіў ліцэнзій чатырох адвакатаў, якія займаліся абаронай абвінавачаных па справе «19 снежня».

«Увесь кіруючы склад Мінскай гарадской калегіі адвакатаў лічыць, што цяперашняя сітуацыю крытычная і рэальна пагражае як незалежнасці адвакатуры як прававому інстытуту, так і незалежнасці адвакатаў паасобку», — заявіў тады старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандр Пыльчанка.

Аляксандар Пыльчанка паведаміў, што пытанне аб пазбаўленні ліцэнзіяў чатырох адвакатаў (Алега Агеева, Таццяны Агеевай, Уладзіміра Тоўсціка і Тамары Гараевай) абмяркоўвалася 17 лютага на пашыраным пасяджэнні прэзідыума гарадской калегіі адвакатаў. У пастанове мінюста гаворыцца, што дзеянне ліцэнзій, выдадзеных Алегу Агееву (адвакат экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксея Міхалевіча) і Таццяне Агеевай, спынена «за грубыя парушэнні парадку афармлення пагадненняў на аказанне юрыдычнай дапамогі, перашкоды органу ліцэнзавання ў правядзенню мерапрыемстваў па кантролі за выкананнем заканадаўства, якое праявілася ў прадстаўленні ілжывых звестак». У сваю чаргу Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву пазбавілі ліцэнзіяў «за грубыя парушэнні заканадаўства аб ліцэнзаванні, якія выявіліся ў адмове аказання юрыдычнай дапамогі Ірыне Халіп», перадае «Наша ніва».

Між тым, паводле слоў Аляксандра Пыльчанкі, ніякіх паданняў адносна прафесійнай дзейнасці гэтых адвакатаў у калегію не ўносілася і дысцыплінарных справаў у дачыненні да іх не ўзбуджалася.

На пашыраным пасяджэнні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў таксама абмяркоўвалася ініцыятыва мінюста па прыняцці новай рэдакцыі правілаў прафесійнай этыкі адвакатаў. На думку Аляксандра Пыльчанкі, падобныя правілы «павінны прымацца выключна адвакацкай супольнасцю», а не міністэрствам юстыцыі. Для абмеркавання гэтых пытанняў члены калегіі прынялі рашэнне правесці пазачарговы экстраны сход арганізацыі, запрасіўшы на паседжанне ўсіх зацікаўленых асобаў.

Как вам новость?
Головоломки