Кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі хочуць дэпартаваць з Беларусі

17.03.2011 09:33
Архив Редакция

Супрацоўнікі мінскай міліцыі 16 сакавіка затрымалі кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, грамадзяніна Расіі Андрэя Юрава. Яго маюць намер дэпартаваць з Беларусі, бо ён з 4 сакавіка нібыта "знаходзіцца ў спісах неўяздных".

Кіраўніка назіральнай місіі супрацоўнікі аддзелу па грамадзянстве і міграцыі пасля праверкі дакументаў затрымалі ў кватэры, якую здымаюць члены місіі, і даставілі яго ва УУС Савецкага раёна Мінску, перадае «Беларускі партызан».

«Хутчэй за ўсё, мяне маюць намер дэпартаваць. Як высветлілася, я з’яўляюся неўяздным у Беларусь. Супрацоўнікі РАУС даволі ветлівыя людзі, але яны не могуць мне патлумачыць, хто, калі і на якой падставе складаў гэтыя спісы. Неўязны — і ўсё», — распавёў сам затрыманы.

Па словах Андрэя Юрава, супрацоўнікі міліцыі заявілі, што ён «незаконна прабраўся на тэрыторыю» Саюзнай дзяржавы. У сувязі з гэтым міліцыянты ўзялі тлумачальную з затрыманага і збіраюцца распачаць крымінальную справу.

Доўгатэрміновая місія Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі была створана 27 снежні 2010 года ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. У яе ўвайшлі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый краін АБСЕ, якія вядуць назіранне за захаваннем правоў чалавека з боку беларускіх уладаў і радыкальных грамадскіх груп.

Как вам новость?
Головоломки