Кіргізы пікетуюць беларускае пасольства ў Бішкеку

27.04.2010 14:24
Архив Редакция

У Бішкеку ўдзельнікі руху "7 красавіка", чые  сваякі загінулі і пацярпелі падчас падзей у цэнтры Бішкека сёмага красавіка, пікетуюць пасольства Беларусі, патрабуючы ад кіраўніцтва краіны выдачы прэзідэнта Курманбека Бакіева. Перад удзельнікамі акцыі выступіў прадстаўнік беларускага пасольства ў Кыргызстане, які заявіў, што "Курманбек Бакіеў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ў якасці госця".

«Рашэнне пра знаходжанне Бакіева на тэрыторыі Беларусі было прынята, каб пазбегнуць негатыўных наступстваў на тэрыторыі Кіргізіі», — падкрэсліў прадстаўнік амбасады Беларусі, паведамляе  «Интерфакс-Запад».

Па словах беларускага дыпламата, што «як толькі часовым урадам Кыргызстана будуць вырашаны прававыя пытанні, звязаныя з магчымай экстрадыцыяй Бакіева на радзіму, урад Беларусі выканае ўсе міжнародныя дамовы і разгледзіць дадзенае пытанне на падставе Мінскай канвенцыі».

Прадстаўнік беларускага пасольства таксама сказаў, што ўсе патрабаванні, якія прад’яўляюць удзельнікі пікету да кіраўніцтва Беларусі, будуць яму перададзены.

Бакіева пазбавілі прэзідэнцкай недатыкальнасці

Прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева завочна абвінавацілі па двух артыкулах крымінальнага кодэкса — у арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовым становішчам, паведаміў намеснік старшыні часовага ўрада Кыргызстана Азімбек Бекназараў, які курыруе праваахоўныя органы. Па словах Азімбека Бекназарава, ёсць «усе падставы для экстрадыцыі Бакіева з Беларусі ў Кыргызстан».

Напярэдадні, 26 красавіка, часовы ўрад Кыргызстана таксама разгледзеў дэкрэт аб адхіленні Курманбека Бакіева ад пасады, пазбаўленні яго імунітэту і забеспячэнні дастаўкі на радзіму, передает РИА «Новости».

«Праект дэкрэту аб адхіленні ад пасады Бакіева быў разгледжаны на паседжанні ўрада. Паводле праекту дэкрэта, Бакіеў пазбаўлены прэзідэнцкага імунітэту, і праваахоўным органам даручана забяспечыць яго дастаўку ў рэспубліку»- заявіў старшыня часовага ўрада Кыргызстана Эдзіль Байсалаў.

Па словах кіраўніка прэс-цэнтра часовага ўрада Турата Акімава, казаць «пра прыняцце такога дэкрэту пакуль рана, паколькі дакумент пакуль не паступіў на подпіс кіраўніцы часовага ўрада Розе Атунбаевай».

У Кыргызстане супраць Курманбека Бакіева ўзбуджана крымінальная справа па факце гібелі людзей падчас мітынгу, арганізаванага апазіцыяй сёмага красавіка ў Бішкеку, калі загінула больш за 80 чалавек.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 23 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў заяўляў, што юрыдычна застаецца прэзідэнтам, пакуль яго адстаўку не прыме парламент. Пры гэтым лідар Кыргызстана адзначыў, што «не трымаецца за крэсла прэзідэнта, тым больш пасля таго, што здарылася».

Как вам новость?
Головоломки