Кубілюс: Літва гатовая дапамагчы Беларусі ў вырашэнні праблемаў з нафтай і газам

29.07.2010 10:40
Архив Редакция

Літва можа дапамагчы Беларусі ў забеспячэнні яе энергетычнай незалежнасці ад Расіі. Такое меркаванне выказаў у Нясвіжы пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім яго літоўскі калега Андрус Кубілюс. Па словах кіраўніка літоўскага ўрада, Беларусь выказала жаданне ўдзельнічаць у будаўніцтве ў Літве тэрміналу звадкаванага газу і ў транзіце нафты праз Klaipėdos naftа.

«Беларусь праяўляе вялікую зацікаўленасць у развіцці новых праектаў, якія дапамаглі б ёй самастойна, незалежна ад Расіі забяспечыць сябе газам ці нафтай. Мы будучы суседняй дзяржавай маглі б дапамагчы ў вырашэнні гэтых праблемаў», — заявіў Андрус Кубілюс, перадае DELFI.

Па словах літоўскага прэм’ера, гэта камерцыйныя пытанні і іх павінны ўзгадніць абодва бакі. Папярэднія высновы экспертаў па праектах змяншэння энергазалежнасці Беларусі ад Расіі павінны з’явіцца ў лістападзе, адзначыў Андрус Кубілюс. Ён заявіў, што «прынамсі для спробных партыяў (нафты — Тэлеграф) будуць прадстаўлены магчымасці, а далей ужо сама эканоміка павінна сказаць, выгадна беларусам везці нафту праз наш порт і ці выгадна нам шукаць выгаду і прыбытак у такім праекце».

На думку Андруса Кубілюса, будаўніцтва тэрміналу звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) з Беларуссю на восем-дзесяць млрд. кубаметраў на год могуць абмяркоўвацца паралельна з літоўскім планам будаўніцтва ў Клайпедзе для сваіх патрэбаў менш магутнага тэрміналу на тры млрд. кубаметраў. «Беларусь па-ранейшаму дэманструе цікавасць. Я паўтарыў, што мы бачым магчымасць паралельнага абмеркаванне двух праектаў, пазней яны могуць аб’яднацца», — заявіў кіраўнік літоўскага ўраду.

У той жа час прэзідэнт суседняй дзяржавы Даля Грыбаўскайтэ лічыць, што газавы тэрмінал, у першую чаргу, неабходна выкарыстоўваць для ўласных патрэбаў. Яна ўстрымалася ад ацэнкі магчымасці ўдзелу ў дадзеным праекце Беларусі. «Па-першае, Літва павінна пабудаваць тэрмінал, а як і з кім — гэта ўжо пытанне будучыні. У Літвы ён павінен быць, у першую чаргу, для ўласных патрэбаў», — заявіла прэзідэнт.

Кубілюс: еўрапейскія турысты павінны даведацца пра Беларусь

«Карыстаючыся выпадкам, мы з міністрам эканомікі Крэйвісам (Дайнюсам Крэйвісам — Тэлеграф) прапанавалі абмеркаваць магчымасць адзіных турыстычных праектаў, звязаных з гісторыяй ВКЛ. Тое, што мы паспелі тут убачыць за першыя тры дні: замкі ў Лідзе, Наваградку, звязаныя з Гедымінам і Міндоўгам, у Міры, замак у Нясвіжы, звязаныя з родам Радзівілаў, насамрэч вартыя таго, каб пра іх даведаліся еўрапейскія турысты, якія наведалі Вільню, Трокі і іншыя гістарычныя гарады Літвы», — заявіў літоўскі прэм’ер.

Па ягоных словах, для актывізацыі турызму неабходна рашэнне візавага пытання, паколькі цяпер візы для грамадзянаў абедзвюх краінаў нятанна, а каля амбасадаў стаяць чэргі. «Несумненна, мы павінны зрабіць так, каб у Мінску, Горадні не было чэргаў. Чэргі даволі вялікія, асабліва падчас турыстычнага сезону, калі беларусы хочуць прыехаць адпачываць у Літву», — расказаў Андрус Кубілюс.

Ён таксама выказаў меркаванне, што ў будучыні мяжа паміж Беларуссю і Літвой можа знікнуць. «Стагоддзямі ўся прастора было аб’яднана культурнымі і палітычнымі інтарэсамі, тут стваралася еўрапейская культура. Гісторыя, на мой погляд — зброя больш магутная, чым узніклыя межы. Варта праехаць на роварах па дарогах краіны, каб дапамагчы ёй справіцца з праблемамі, якія ў яе ёсць, у тым ліку і звязанымі з правамі чалавека, дэмакратыяй, яе збліжэннем з Еўропай», — заявіў кіраўнік урада Літвы і дадаў, што агульная гістарычная спадчына дэманструе, што існыя цяпер межы паміж суседзямі могуць знікнуць, перадае ІА REGNUM.

Андрус Кубілюс таксама прапанаваў Сяргею Сідорскаму адпачыць у Літве. «Цяпер мы, жартам, казалі што ён свой адпачынак павінен правесці ў Літве. Тады мы ўжо будзем старацца стварыць яму магчымасць для велапаездкі па цікавых гістарычных мясцінах Літвы», — паведаміў прэм’ер-міністр суседняй дзяржавы.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 25 ліпень 30 літоўскіх раварыстаў з ліку літоўскіх палітыкаў, чыноўнікаў, іхніх сяброў і членаў сем’яў адправіліся ў велатур па тэрыторыі Беларусі. Узначальвае калону прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, у яе складзе едуць прадстаўнікі партыі «Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы», міністр сацыяльнай абароны і працы Данатас Янкаўскас і міністр эканомікі Дайнюс Крэйвіс.

27 ліпеня ў Нясвіжы прайшла неафіцыйная сустрэча прэм’ер-міністрам Беларусі і Літвы Сяргея Сідорскага і Андруса Кубілюса. Прэм’ер-міністры праехалі на конным экіпажы па горадзе, наведалі Слуцкую браму, Фарны касцёл, а таксама замак і магільны склеп князёў Радзівілаў.

Плануецца, што паход на роварах завершыцца першага жніўня.