Кудрын: Беларусь павінна прадаць актывы на 7,5 млрд даляраў

25.05.2011 08:51
Архив Редакция

Беларусь да 2014 года прыватызуе актывы на агульную суму ў 7,5 млрд даляраў. Аб гэтым заявіў расійскі віцэ-прэм'ер і міністр фінансаў Аляксей Кудрын. Паводле яго слоў, гэта адпавядае ўмовам крэдытнай праграмы Еўразійскага эканамічнага супольніцтва. Як паведаміў Аляксей Кудрын, сёлета ЕўрАзЭС падасць афіцыйнаму Мінску 1,24 млрд даляраў крэдыту.

Расійскі віцэ-прэм’ер патлумачыў, што менавіта такую суму з планаванага трохмільярднага крэдыту ЕўрАзЭс збіраецца выдзеліць беларускаму кіраўніцтву ў 2011 годзе, а першы транш павінен скласці 800 млн даляраў. Канчатковае рашэнне дзяржавы-ўдзельнікі супольнасці прымуць 4 чэрвеня, у ходзе сустрэчы міністраў фінансаў краін СНД.

«Мы завяршылі падрыхтоўку ўсіх матэрыялаў для прыняцця рашэння па выдзяленні крэдыту Беларусі з антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС», — цытуе выказванне Аляксея Кудрына падчас нарады ва ўрадзе Расіі РИА «Новости».

Міністр фінансаў паведаміў, што крэдыт будзе прадстаўляцца па частках на працягу трох гадоў. «У 2011 годзе з трох мільярдаў даляраў па просьбе Беларусі будзе выдзелены 1,24 млрд даляраў. Першы транш будзе накіраваны на працягу тыдня пасля прыняцця рашэння антыкрызісным фондам», — удакладніў ён.

Расійскі чыноўнік: РФ не будзе «напампоўваць» Беларусь фінансамі

Расія не мае намеру несвядома вылучаць грошы беларускім уладам і напампоўваць краіну фінансамі. Афіцыйная Масква «патрабуе эканамічных выкладак», заявіў высокапастаўлены расійскі чыноўнік.

«Тэза аб тым, што мы не імкнемся дапамагаць задарма, несвядома даваць грошы і напампоўваць дадатковымі фінансавымі сродкамі — гэта праўда», — адзначыла крыніца.

Пры гэтым яна дадала, што любыя праграмы «павінны быць транспарэнтны і грунтавацца на эканамічных выкладках».

На дадзены момант знешні доўг Беларусі складае больш за 10 млрд даляраў, і дзяржава мае патрэбу ў крэдытах для пакрыцця дэфіцыту гандлёвага балансу. Дадзены паказчык, па інфармацыі Белстата, за студзень-сакавік 2011 года складае 3,5 млрд даляраў.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, раней Аляксей Кудрын заяўляў, што за 2011 года Беларусі неабходна прыватызаваць прадпрыемствы на тры мільярды даляраў. Ён таксама паведаміў, стаўка, па якой ЕўрАзЭС выдзеліць з антыкрызіснага фонду крэдыт для беларускіх уладаў, будзе не менш за сярэднеўзважаную стаўку на крэдыты для Расіі і Казахстана.

Эксперты мяркуюць, што дзяржавы-крэдыторы будуць ставіць Беларусі ўмовы па макраэканамічнай стабілізацыі. У прыватнасці, гаворка ідзе аб зніжэнні сацыяльных выдаткаў.

Как вам новость?
Головоломки