Кудрын: без прыватызацыі Беларусь крэдыт не атрымае

27.05.2011 17:15
Архив Редакция

Міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын заявіў, што правядзенне прыватызацыі з'яўляецца неабходнай умовай для атрымання крэдыту Беларуссю з фонду ЕўрАзЭС у памеры трох мільярдаў даляраў на працягу трох гадоў. "Вядома, гэта (прыватызацыя) уваходзіць ва ўмовы прадстаўлення крэдыту", — сказаў расійскі віцэ-прэм'ер.

Па словах міністра, прыватызацыя з’яўляецца найважнейшай крыніцай атрымання валюты, якая патрэбна для падтрымання плацёжнага балансу дзяржавы і для вырашэння валютных праблемаў, якія ёсць цяпер у Беларусі.

«Не праводзіць прыватызацыю гэта азначае не атрымаць гэтую валюту і тым самым не вырашыць гэтых праблемаў беларускай эканомікі», — сказаў кіраўнік расійскага мінфіна.

Пуцін: перамовы аб куплі «Белтрансгаза» ўвайшлі ў завяршальную стадыю

У сваю чаргу прэм’ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін паведаміў, што перамовы па павелічэнні «Газпромам» долі ў «Белтрансгазе» да 100% знаходзяцца ў завяршальнай стадыі, перадае РИА «Новости».

«Абмяркоўваецца пытанне набыцця «Газпромам» 50% «Белтрансгаза», перамовы ў завяршальнай стадыі, у найбліжэйшы час можа быць прынята рашэнне. Гэта залежыць і ад пазіцыі беларускіх калегаў», — адзначыў расійскі прэм’ер.

Лукашэнка: Актывы ім, бачыце, давай! Грошы наперад — заўтра будуць крэслы»

Тым часам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 траўня, што «некаторыя палітыкі з-за мяжы, якія сталі ў чаргу і пачалі крычаць, што заўтра Лукашэнка пачынае прадаваць актывы нашых ліквідных прадпрыемстваў, і нават суму пачалі называць 7,5 млрд даляраў». «Я нават адзін актыў за такую цану не прадам», — падкрэсліў беларускі лідар.

Па словах кіраўніка дзяржавы, «сёння відаць, хто падганяе гэты ажыятаж і хоча прыхапіць усё лепшае, што ёсць у Беларусі». «Актывы ім, бачыце, давай! Грошы наперад — заўтра будуць крэслы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як раней паведамляў Тэлеграф, суму 7,5 млрд даляраў, якую можа атрымаць ад прыватызацыі ў Беларусі, неаднаразова называў менавіта Аляксей Кудрын.

Как вам новость?