Кудрын: нафтапошліны для Беларусі захаваюцца да 2012 года

07.07.2010 09:22
Архив Редакция

Экспартныя пошліны, у тым ліку на нафту і нафтапрадукты, у рамках Мытнага саюза будуць адменены толькі пры стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын. Паводле раней зацверджанага плану, бакі мяркуюць стварыць АЭП ў 2012 годзе.

У той жа час, расійскі віцэ-прэм’ер адзначыў, што «калі нам удасца падрыхтаваць усе дамовы (па стварэнні АЭП) і ўвесці іх у дзеянне, тады мы можам разгледзець пытанне больш ранняга вызвалення ад экспартных пошлінаў», перадае РБК.

Як раней паведамляў Тэлеграф, пятага ліпеня Беларусь, Казахстан і Расія падпісалі заяву аб уступленні ў сілу Мытнага кодэксу Мытнага саюза. У поўную сілу кодэкс пачаў працаваць з шостага ліпеня. Беларускі бок настойвае на тым, каб усе экспартныя пошліны і, перадусім, нафтапошліны ў рамках МС былі адмененыя як мага хутчэй.