Кудрын: РФ ўлічыць стаўленне Беларусі да СМІ пры выдачы крэдыту

16.06.2011 15:31
Архив Редакция

Віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын заявіў, што Масква ўлічыць пазіцыю афіцыйнага Мінску па абмежаванні працы расійскіх СМІ пры крэдытаванні Беларусі. "Урад Расійскай Федэрацыі турбуюць меры адміністрацыі Беларусі па стрымліванні або абмежаванні сродкаў масавай інфармацыі з Расіі", — адзначыў кіраўнік мінфіна РФ.

У такіх выпадках «мы бачым памяншэнне галоснасці, непаважлівыя ці недружалюбныя крокі ў дачыненні да расійскіх СМІ», прыводзіць словы Аляксея Кудрына РИА «Новости».

«На жаль, мы павінны будзем прымаць гэта пад увагу пры прадстаўленні чарговых крэдытаў — калі ў найбліжэйшыя месяцы паўторацца такога роду меры абмежавальнага характару, то мы, вядома, пакідаем за сабой права прыняць меры па абмежаванні крэдытнай падтрымкі Беларусі», — сказаў расійскі віцэ- прэм’ер.

Кудрын: Беларусі пагражае дэфіцыт тавараў

Акрамя таго, міністр фінансаў РФ заклікаў улады Беларусі не абмяжоўваць рост коштаў на тавары, інакш, на яго думку гэта можа прывесці да ўзнікнення дэфіцыту.

«Абмежаванне росту коштаў ва ўмовах крызісу, калі цэны таксама з’яўляюцца пэўным індыкатарам рэальнай сітуацыі, можа прывесці да нарастання дэфіцыту», — заявіў кіраўнік расійскага мінфіна і растлумачыў, што цэны адлюстроўваюць рэальныя затраты, і вытворцам нявыгадна будзе працаваць па заніжаных коштах.

«Напрыклад, калі ўжо праведзена дэвальвацыя беларускага рубля на 55%, то значыць, усе імпартныя тавары на ўнутраным рынку павінны падаражэць на 55%. Калі заніжаць цэны, іх (тавараў) проста не будзе», — сказаў Аляксей Кудрын.

Як раней паведамляў Тэлеграф, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня падпісаў пагадненне аб выдзяленні Беларусі крэдыту ЕўрАзЭС на суму тры мільярды даляраў. Ужо ў гэтым месяцы павінен паступіць першы транш у аб’ёме 800 млн даляраў, а астатняя сума будзе перакладзеная Беларусі пяццю траншамі па 440 млн даляраў кожны на працягу трох гадоў.

Как вам новость?