Кудрын: за два гады Беларусь атрымала ад Расіі тры мільярды даляраў

29.06.2010 13:57
Архив Редакция

За два гады Беларусь атрымала ад Расіі дапамогі больш чым на тры мільярды даляраў. Пра гэта заявіў намеснік прэм'ер-міністра Расіі, міністр фінансаў Аляксей Кудрын. "Расія аказвала і працягне аказваць фінансавую дапамогу суседнім краінам з мэтай забеспячэння стабільнасці ў зоне СНД", — адзначыў кіраўнік расійскага мінфіна.

«Мы будзем дапамагаць краінам, якія знаходзяцца вакол нас, гэта пасільныя сумы. Наша задача, каб у зоне СНД існавала стабільнасць», — сказаў Аляксей Кудрын, дадаўшы, што «акрамя дапамогі Беларусі, цяпер Расія на ўзаемавыгадных умовах знізіла кошт на газ для Украіны».

Па словах расійскага віцэ-прэм’ера, маштаб прыбыткаў, якія выпадаюць з бюджэтнай сістэмы Расіі датычна дамоўленасці з Украінай, складае каля чатырох мільярдаў на год на працягу амаль дзесяці гадоў, перадае «Взгляд».

Аляксей Кудрын таксама паведаміў, што Расія накіравала 70 млн. даляраў на падтрымку фіскальнага і аплатнага балансу ў Таджыкістане, паведамляе ІТАР-ТАСС.

Кіраўнік міністэрства фінансаў Расіі дадаў, што гэта толькі частка названых крэдытаў і не пералічвае крэдыты, выдадзеныя за апошнія два гады і іншым краінам, уключаючы Арменію, Кыргызтан і іншыя.

«Такім чынам, Расія дзейнічае сёння не толькі як краіна, якая аказалася, можа быць, больш падрыхтаванай да гэтага крызісу. Мы гатовыя падстаўляць плячо нашым суседзям і надалей», — падсумаваў намеснік прэм’ер-міністра Расіі.

Как вам новость?