Афіцыйны курс рубля ў адносінах да еўра, вызначаны Нацыянальным банкам Беларусі на 29 красавіка, пабіў чарговы рэкорд, склаўшы 4475,21 рубля. Раней рэкордным з'яўляўся курс еўра, усталяваны на 22 красавіка (4 453,98 рубля). За суткі еўрапейская валюта падаражэла на 0,63%. З пачатку ж года курс рубля да еўра абясцэніўся на 12,65%.
Курс рубля ў адносінах да кошыка валют зноў ушчыльную наблізіўся да вызначанага ўладамі межаў калідора (+/-8), абясцэніўшыся з пачатку года на 7,99%.
Афіцыйны курс даляра на 29 красавіка ўстаноўлены ў памеры 3013 рублёў. У параўнанні з папярэднім курсам даляр упаў на 0,66%, павялічыўшыся з пачатку года на 0,43%. На 0,12% абясцэніўся беларускі рубель у дачыненні да расійскай валюты. Яго курс устаноўлены ў памеры 109,57 рублёў, што таксама з’яўляецца рэкордным паказчыкам. З пачатку года расійскі рубель падаражэў на 11,31%.
Абясцэніўся курс беларускага рубля і ў Расіі. Так, паводле дадзеных Цэнтрабанка Расіі, кошт 10 тыс. беларускіх рублёў на 29 красавіка вызначаны ў памеры 90,6318 расійскіх рублёў. Такім чынам, за суткі беларускі рубель у Расіі абясцэніўся на 0,39%, з пачатку года — на 10,39%.