Курсанты ваенных ВНУ заплоцяць пры адлічэнні да 23 тыс. даляраў

11.06.2010 13:01
Архив

Курсанты вайсковых навучальных установаў, адлічаныя за недысцыплінаванасць або нежаданне працягваць навучанне, абавязаны будуць кампенсаваць дзяржаве выдаткі на сваё навучанне ў сувязі з невыкананнем кантракта ў памеры да 70 млн. рублёў (каля 23,1 тыс. даляраў). Як расказалі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі, прыкладна у столькі ацэньваецца поўны перыяд навучання ў ваенных ВНУ.

Таксама гэта тычыцца і афіцэраў, якія не прайшлі пяцігадовы тэрмін службы на афіцэрскіх пасадах пасля заканчэння вочнай формы навучання ў ваеннай ВНУ. У Генпракуратуры паведамілі, што названыя затраты складаюцца, як правіла, з выдаткаў на харчаванне, абмундзіраванне, камунальныя паслугі, зарплату выкладчыкаў, стыпендыю і іншых, абумоўленых асаблівасцямі ваеннай службы і падрыхтоўкі ваенных спецыялістаў.

«Грашовыя сродкі пакрываюцца прапарцыйна з улікам тэрмінаў навучання і працягласці ваеннай службы пасля заканчэння навучання. У выпадку адмовы ад добраахвотнага кампенсавання грашовых сродкаў яны спаганяюцца ў судовым парадку», — падкрэслілі ў Генпракуратуры.

Па гэтай прычыне, у мэтах вяртання грошай, затрачаных на навучанне курсантаў і афіцэраў, якія не праслужылі тэрміну службы, прадугледжанага кантрактам, а таксама не пажадалі атрымаць па розных прычынах вышэйшую ваенную адукацыю, Беларуская ваенная пракуратура арганізавала ўзаемадзеянне з воінскімі часткамі і фармаваннямі па ўзаемным абмене інфармацыяй аб звольненых вайскоўцах і адлічаных курсантах ваенных ВНУ.

Аднаго з адлічаных курсантаў ужо абавязалі выплаціць 6,6 тыс. даляраў

Як адзначылі ў Генпракуратуры Беларусі, ваенныя пракуроры будуць прад’яўляць позвы ў суды да такіх асобаў, што ўжо мела месца. Так, ваенны пракурор па наглядзе за законнасцю ў органах пагранічнай службы Беларусі прад’явіў позву ў інтарэсах Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі ў суд Фрунзенскага раёна Мінску аб спагнанні з былога курсанта больш за 20 млн. рублёў (6,6 тыс. даляраў), выдаткаваных на яго навучанне.

Раённы суд сталіцы задаволіў цалкам іскавыя патрабаванні ваеннага пракурора.