Кустурыца гатовы працаваць з беларускімі кінематаграфістамі

11.11.2010 12:28
Архив

Сербскі кінарэжысёр Эмір Кустурыца распавёў, што цяпер працуе над новым фільмам, прысвечаным пісьменніку Фёдару Дастаеўскаму, творчасцю якога ён даўно захапляецца. Пра гэта Эмір Кустурыца паведаміў 10 лістапада ў Мінску і дадаў, што пры стварэнні карціны гатовы супрацоўнічаць з беларускімі і расійскімі кінематаграфістамі.

Па словах рэжысёра, фільм складаецца з трох гісторый, якія складаюць адзінае цэлае. Першая гісторыя апавядае пра маладога аўтара, які хоча зняць фільм пра Дастаеўскага. Ён звяртаецца да багатага чалавека, які прыехаў у Каны, каб купіць гатэль. Мецэнат згаджаецца дапамагчы пры ўмове, калі малады чалавек заб’е ягоную жонку, перадае БелТА.

Другая гісторыя распавядае пра дзяўчыну з Белграда, якая выконвае адну з гераінь твора Дастаеўскага Настассю Філіпаўну. Аднойчы да яе прыходзіць думка, што яна павінна зацяжарыць ад ўнука Дастаеўскага. Дзяўчына прыязджае да яго ў Санкт-Пецярбург і распавядае аб сваім жаданні.

Трэцяя прыпавесць апавядае пра тое, дзе цяпер знаходзіцца Іван Карамазаў. Будучы чалавекам рэлігійным, у адзін цудоўны дзень ён здымае расу і сустракае дзяўчыну, якая хоча нарадзіць дзіця ад ўнука Дастаеўскага. «Канец гэтай гісторыі я вам не распавяду», — заінтрыгаваў Эмір Кустурыца.

Рэжысёр прызнаўся ў сваёй любові і да іншых рускіх класікаў — Міхаіла Лермантава, Мікалая Гогаля, Льва Талстога, Міхаіла Булгакава. «Гэтая літаратура дапамагла мне убачыць святло, атрымаць адукацыю», — сказаў Эмір Кустурыца. Кінарэжысёр чытае рускіх класікаў ў перакладзе на сербскую мову. Паводле яго слоў, дзякуючы аднолькавай ментальнасці, перакладныя творы практычна ідэнтычныя з арыгіналамі.

Кустурыца: я натхнёны Мінскам

«Я натхнёны Мінскам. Ён выглядае так, як я хацеў бы, каб выглядалі ўсе еўрапейскія гарады. Я вельмі перажываю за Беларусь, гэтая краіна, якая вельмі разумна прымае капіталізм. Малыя славянскія краіны робяць вялікае славянскае брацтва. У сербаў і беларусаў ёсць шмат добрага. Так што можаце лічыць, што ў вас ёсць свой прыхільнік», — сказаў, звяртаючыся да беларусаў, Эмір Кустурыца.

Кінарэжысёр таксама адзначыў, што памятае прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку з тых часоў, калі беларускі лідар падтрымліваў сербскі народ у час бамбёжак. «Я вельмі ўдзячны яму за гэта, мне было вельмі прыемна сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён вельмі моцны чалавек, моцная асоба», — падкрэсліў Эмір Кустурыца.

«Я чалавек мінулага і будучыні і спадзяюся, што ў вашай краіне ўсё будзе лепш і лепш», — сказаў кінарэжысёр.

Пеіч: Кустурыца — палітычны невук

Намеснік дырэктара Радыё «Свабода» Ненад Пеіч, які асабіста знаёмы з Эмірам Кустурыцам, пракаментаваў выказванні вядомага кінарэжысёра ў Мінску.

«Я з ім вельмі добра знаёмы. Ён — геній, што тычыцца кінамастацтва. Але што датычыцца палітыкі — ён дакладная супрацьлегласць генія. Ён — адзін з тых, хто падтрымліваў Мілошавіча, чалавека, які быў адказны за развязванне вайны і за паразу ў той вайне. У дадзены момант Кустурыца падтрымлівае радыкальных нацыяналістаў у Сербіі. Яны часта наведваюць яго асабістае ранча на поўдні Сербіі. Мясцовыя жыхары пратэстуюць супраць Кустурыцы, кажуць, што ён заняў іх зямлю без іх згоды», — адзначыў Ненад Пеіч, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

«Незалежныя сербскія газеты таксама сцвярджаюць, што ён набыў гэтае ранча незаконным шляхам. Я не ведаю, праўда гэта ці не. Кустурыца кажа, што няпраўда. Што тычыцца ўспрымання Кустурыцы радыкальна нацыяналістычнымі коламі, для іх ён з’яўляецца кімсьці накшталт героя. Для людзей, якія думаюць інакш, ён проста палітычны невук», — дадаў намеснік дырэктара.

Ненад Пеіч дадаў, што выказваючыся пра Беларусь, як краіну, якая не дазволіла расцягнуць сваё нацыянальнае дабро міжнародным карпарацыям, «Эмір, хутчэй за ўсё, меў нейкі інтарэс асабіста для сябе, каб так казаць».

Як раней перадаваў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся 9 лістапада ў Мінску з Эмірам Кустурыцам, прапанаваў яму супрацоўніцтва з беларускімі кінематаграфістамі. «Калі вы захочаце зняць што-небудзь саліднае, хай і не звязанае з Беларуссю, то мы палічым за гонар супрацоўніцтва з такім чалавекам, таму што ён не ўмее здымаць дрэнныя фільмы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў рэжысёру адну з галоўных узнагародаў кінафестывалю «Лістапад» — спецыяльны прыз кіраўніка дзяржавы «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве».