Ладуцька: ажыятаж на цукар і алей спадзе праз пару дзён

11.04.2011 15:19
Архив Редакция

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька перакананы, што ажыятажны попыт на цукар і алей, які назіраецца ў апошнія дні ў Мінску, сыдзе ўжо праз два-тры дні. Пра гэта ён заявіў 11 красавіка на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме. Акрамя таго, мэр Мінску запэўніў, што цэны на дадзеныя прадукты пакуль павышаць не плануюць.

Начальнік галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Валянцін Байдак даклаў мэру, што на мінулым тыдні ў Мінску назіраўся ажыятажны попыт на цукар і алей. Паводле яго слоў, рэалізацыя цукру за апошнія дні вырасла ў дзесяць разоў, перадае БелТА.

«У пятніцу, суботу, нядзелю крамы горада атрымлівалі па 350 тон цукру штодня з улікам рэшткаў у аб’ёме каля дзвюх тысяч тон. Тым не менш, сёння раніцай (11 красавіка — Тэлеграф) сталічныя крамы засталіся практычна без цукру», — праінфармаваў Валянцін Байдак, адзначыўшы, што базы «Белбакалеі» кругласуткава фасуюць цукар для крамаў.

Продажы алею, па словах начальніка ўпраўлення спажывецкага рынку, таксама выраслі прыкладна ў дзесяць разоў. Валянцін Байдак адзначыў, што прадукцыі Мінскага маргарынавага завода недастаткова, а фірмы-імпарцёры з-за нестабільнай сітуацыі на валютным рынку ў Беларусі практычна прыпынілі пастаўкі прадукцыі. «Яны маюць у наяўнасці алей на складах, але, не ведаючы рэальнага разліковага курсу, прыпынілі пастаўкі», — растлумачыў чыноўнік.

У сувязі з гэтым кіраўнік Мінгарвыканкама даручыў кіраўніцтву галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку правесці сустрэчы з прадстаўнікамі кампаній — пастаўшчыкоў алею і абмеркаваць пытанні насычэння рынку дадзенай прадукцыяй, а таксама рэкамендаваць кіраўнікам крамаў арганізоўваць самавываз цукру з прадпрыемстваў-вытворцаў і гуртовых базаў. Акрамя таго, Мікалай Ладуцька лічыць неабходным інфармаваць насельніцтва аб адсутнасці падстаў для ажыятажнага попыту.

«Неабходна ў кожным гандлёвым аб’екце вывесіць аб’яву аб дастатковым аб’ёме цукру на складах беларускіх прадпрыемстваў. Не трэба на пустым месцы ствараць тое, што не мае пад сабой падстаў», — сказаў Мікалай Ладуцька. Паводле яго слоў, запасаў на цукровых заводах Беларусі хопіць, каб да канца гэтага года прадаваць іх нават у рэжыме ажыятажнага попыту.

Словы мэра пацвердзіў і старшыня канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Іван Данчанка. «У нас на сённяшні дзень у рэштках на цукровых камбінатах 165,3 тыс. тон цукру. У той жа час гадавая патрэба рэспублікі ў гэтым прадукце — каля 400 тыс. тон, у тым ліку патрэба насельніцтва — каля 200 тыс. тон цукру на год», — праінфармаваў ён. Іван Данчанка таксама заявіў, што дзяржканцэрн не мае намеру павышаць кошты на цукар.

Как вам новость?