Ладуцька: беспрацоўныя і аўтаўладальнікі павінны стаць дворнікамі

10.01.2011 16:38
Архив Редакция

Кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька 10 студзеня на аператыўнай нарадзе прапанаваў распрацаваць праект, паводле якога грамадзяне, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, будуць прыцягвацца да працаў па ачыстцы сталіцы ад снегу. Па словах чыноўніка, такую дзейнасць можна аднесці да грамадскіх работ, якія павінны выконваць афіцыйныя беспрацоўныя.

Мікалай Ладуцька збіраецца таксама прыцягнуць да ўборкі снегу ўладальнікаў аўтамабіляў. На яго думку, у іх абавязкі ўваходзіць рэгулярная ўборка праезнай часткі ад снегу і смецця ў радыусе як мінімум аднаго метра ад машыны, што прадугледжваюць правілы добраўпарадкавання і ўтрымання Мінску, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».

Старшыня Мінгарвыканкама таксама заявіў аб сваёй незадаволенасці адносна тэмпаў і якасці працы жыллёвых аб’яднанняў. Ён паведаміў, што кучы снегу, якія знаходзяцца ўздоўж прыпынкаў грамадскага транспарту, неабходна прыбраць за два дні. Таксама супрацоўнікам камунальных службаў трэба расчысціць аўтамабільныя паркоўкі і дахі дамоў.

Як сцвярджае гендырэктар мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Уладзімір Раянтовіч, з 7 па 9 студзеня для ўборкі снегу выкарыстоўвалася ўся тэхніка, якой валодае служба, — 296 адзінак. Працоўны дзень дворнікаў прадоўжаны, зрываў ў арганізацыі працы не было, але якасць працы трэба ўдасканальваць, лічыць кіраўнік МГЖХ. Нягледзячы на гэта, Уладзімір Раянтовіч заявіў аб немагчымасці стоадсоткавай расчысткі двароў ад снегу падчас снегападу. Паводле яго слоў, скончыць працы рэальна толькі праз суткі пасля спынення выпадзення снегу.

Кіраўніцтва ЖЭСаў і ЖРЭА, якім на мінулым тыдні санслужба зрабіла заўвагі, а таксама МНС і мінская гарадская гаспадарка прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці за спазненне з ачысткай двароў ва ўказаны тэрмін.

Кожны дзень больш за 30 спецмашын чысцяць дахі дамоў ад снегу і наледзі, у дадатак да гэтага прыцягваюцца і прамысловыя альпіністы. Так, 56 спецыялістаў такога роду працавалі ў горадзе ў мінулыя выходныя. Паводле слоў Уладзіміра Раянтовіч, усе дахі, якія могуць прадстаўляць рэальную пагрозу для жыцця насельніцтва, аглядаюцца штодня. Пасля гэтага агароджваюцца месцы магчымага падзення ледзяшоў, затым дах ачышчаецца ад лёду.

Как вам новость?