Ладуцька: бізнэсоўцы з розных краін давяраюць беларускай эканоміцы

08.09.2010 16:02
Архив Редакция

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька 8 верасня заявіў аб тым, што бізнэсоўцы з розных краін выказваюць давер да беларускай эканомікі. Доказам гэтага, па словах мэра, з'яўляецца тое, што Мінгарвыканкам заключыў больш за 20 інвестыцыйных дамоваў з беларускімі і замежнымі інвестарамі.

«Сёння перад намі стаіць задача захаваць тэндэнцыю па росце інвестыцыйнай актыўнасці, каб яна мела незваротны характар», — заявіў Мікалай Ладуцька, перадае «Беларускі партызан».

Мэр Мінску таксама падкрэсліў, што ў цяперашні момант у сталіцы актыўна ўводзіцца ў абарачэнне невялікія зямельныя ўчасткі, якія гарадскія ўлады аддаюць пад будаўніцтва аўтамоек, СТА, гандлёвых аб’ектаў, сэрвісных цэнтраў. «За апошнія тры месяцы мы падрыхтавалі больш за 25 прапаноў па такіх участках, якія ў найбліжэйшы час стануць прадметам аўкцыёнаў і конкурсаў», — паведаміў Мікалай Ладуцька.

Акрамя таго, кіраўнік Мінгарвыканкама паведаміў, што нядаўна ўпершыню правялі апытанне прадстаўнікоў больш як пяць тысяч суб’ектаў гаспадарання прыватнага бізнэсу аб стварэнні новых вытворчасцяў у Мінску. «Іх пыталі пра тое, што ім неабходна, каб не толькі імпартаваць тавар, але і ствараць новыя вытворчасці, вырабляць прадукцыю і рэалізоўваць яе не толькі на ўнутраным рынку, але і экспартаваць», — растлумачыў Мікалай Ладуцька.

Па яго словах, гарадскія ўлады ўжо атрымалі ад прадпрымальнікаў прапановы па развіцці вытворчасцяў на плошчах больш за 170 тыс. квадратных метраў. Больш за тое, як паведаміў Мікалай Ладуцька, Мінгарвыканкам ужо прыняў некаторыя з гэтых прапаноў, у тым ліку па спрашчэнні падаткаабкладання і збірання мытных пошлінаў.

Как вам новость?
Головоломки