Ладуцька: праз пяць гадоў у Мінск павінен прыехаць мільён турыстаў

12.07.2010 15:58
Архив Редакция

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька на аператыўнай нарадзе ў мэрыі даручыў павялічыць за найбліжэйшыя пяць гадоў колькасць замежных турыстаў, якія наведваюць сталіцу Беларусі, у пяць разоў. Колькасць гасцей, па разліках спецыялістаў мэрыі, павінна скласці адзін мільён чалавек на год.

Мерапрыемствы, закліканыя зрабіць Мінск прывабным для замежных турыстаў, будуць адлюстраваны ў праграме развіцця ўязнога турызму на 2011-2015 гады. Найбольшую ўвагу, на думку Мікалая Ладуцькі, варта надаць дзелавому турызму і спартовым аб’ектам, тым болей што ў рэспубліцы за апошнія гады праводзіцца шмат спартыўных мерапрыемстваў міжнароднага класу, а ў 2014 годзе пройдзе чэмпіянат свету па хакеі, паведамляе БелТА.

Як адзначае Міхаіл Юспа, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама, аб’ёмы ўязнога турызму можна павялічыць з дапамогай маркетынгавай працы, больш актыўнага супрацоўніцтва з тураператарамі, будаўніцтва новых гатэляў і спорткомплексаў, паляпшэння турыстычнай інфраструктуры.

Мяркуецца, што ў кожным раёне сталіцы будуць распрацаваны экскурсійныя маршруты, абсталяваны стаянкі для аўтобусаў з турыстамі, устаноўлены знакі з інфармацыяй аб турыстычных аб’ектах. Таксама каля чыгуначнага вакзала, Мінскай ратушы, Траецкага прадмесця плануецца адкрыць турысцкія інфармацыйныя цэнтры, усталяваць даведачныя інфармацыйныя тэрміналы. Для зручнасці замежных турыстаў назвы гістарычна значных вуліцаў прапаноўваецца дубляваць лацінскімі літарамі. На думку супрацоўнікаў Мінгарвыканкама, яшчэ адным стымулам для арганізацыяў можа стацца штогадовы гарадскі конкурс на найлепшых працаўнікоў турыстычнай галіны (тураператары, экскурсаводы, арганізацыі грамадскага харчавання і інш.)

Міхаіл Юспа падкрэсліў, што ў апошнія гады шмат зроблена для таго, каб горад зрбіўся больш прывабным для замежных турыстаў. Напрыклад, праведзена праца па годнай прэзентацыі Мінску ў рэспубліцы і за яе межамі, выпушчаная разнастайная сувенірная і рэкламная прадукцыя, створаны афіцыйны турыстычны сайт горада, ўкараняецца карта госця.

Па выніках 2009 года ў Мінску экспарт турыстычных паслуг склаў 65,2 млн. даляраў і павялічыўся ў параўнанні з 2006 годам больш чым у тры разы. Колькасць замежных гасцей сталіцы, якія скарысталіся паслугамі гатэляў, вырасла з 2005 года на 38% — са 139 да 193 тыс. чалавек. Прыбыткі беларускіх гатэляў ад знаходжання замежнікаў павялічыліся ў мінулым годзе на 20% у параўнанні з узроўнем 2008 года, і склалі каля 127 млрд. рублёў. Аднак, на думку Міхаіла Юспы, «існы патэнцыял і рэзервы выкарыстоўваюцца далёка не поўнасцю».

Как вам новость?
Головоломки