Ладуцька хоча палепшыць умовы развіцця прыватнага бізнэсу

08.09.2010 14:10
Архив Редакция

Мінгарвыканкам збіраецца ініцыяваць унясенне зменаў у заканадаўчыя акты для стварэння спрыяльных умоваў развіцця прыватнага бізнэсу. Пра гэта 8 верасня заявіў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. «Мы збіраемся ўнесці прапановы, каб стварыць больш устойлівыя ўмовы працы гэтаму сегменту рынку — па падатках, мытных пошлінах», — паведаміў кіраўнік горада.

«Цяпер будзем працаваць разам з раённымі адміністрацыямі горада, кіраўнікамі прадпрыемстваў, ведамстваў», — распавёў Мікалай Ладуцька, перадае БелТА.

Па яго словах, гарадскія чыноўнікі апыталі амаль 50 тыс. суб’ектаў прыватнага бізнэсу з нагоды таго, што ім трэба для працы па ўвозе тавараў у Мінск і па арганізацыі вытворчасцяў, у тым ліку імпартазамяшчальных. Такога масавага апытання прыватнага бізнэсу ў Мінску раней не праводзілася, адзначыў Мікалай Ладуцька.

«Сёння эканамічнае асяроддзе крыху змянілася. Прадстаўнікі бізнэсу ў асноўнай сваёй масе цалкам разумеюць эканамічныя задачы, якія стаяць па развіцці Мінску і рэспублікі, і гатовыя прымаць у гэтым удзел», — адзначыў кіраўнік горада. Па яго словах, прадстаўнікі прыватнага бізнэсу чакаюць ад гарадскіх уладаў падтрымкі ў развіцці вытворчых плошчаў.

Мікалай Ладуцька выказаў упэўненасць, што рашэнне праблемаў і задач прыватнага бізнэсу дазволіць сфармаваць устойлівае асяроддзе для выканання праграмы нарошчвання экспартнага патэнцыялу Мінску. Як адзначыў старшыня Мінгарвыканкама, дадзеная праграма на 2011-2015 гады амаль сфармавана, і ў ёй пастаўлена амбітная задача — павялічваць аб’ём экспарту тавараў і паслуг на 1 млрд. даляраў на год штогадова.

Как вам новость?
Головоломки