Лагвінец: улады дыскрымінуюць уласны народ

09.03.2010 12:32
Архив Редакция

Дараднік лідара Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец пракаментаваў заяву міністра замежных спраў Сяргея Мартынава пра тое, што Беларусь прынцыпова не можа пагадзіцца з дыскрымінацыяй у рамках "Усходняга партнёрства". "Калі гаворка і ідзе пра дыскрымінацыю, дык гэта тычыцца дыскрымінацыі ўласнага народа з боку аўтарытарнага рэжыму", — лічыць апазіцыйны палітык.

«Служба рэжыму абумоўлівае самыя розныя хітрыкі з боку дыпламатаў, каб самаапраўдацца і апраўдаць свае заробкі, — падкрэсліў Алесь Лагвінец. — Гэтым тлумачацца выказванні Сяргея Мартынава. Ідзе простая падмена паняццяў. Чаго можна чакаць ад механічных прадаўжальнікаў аджылай савецкай дыпламатычнай школы? «.

Па словах дарадніка Аляксандра Мілінкевіча, беларускія ўлады “не выканалі ўзятыя на сябе абавязкі ў рамках АБСЕ“. “Выбары ў парламент былі праведзены ў лепшых традыцыях калгасна-савецкага аўтарытарызму. Назіральнікі АБСЕ, запрошаныя самімі ўладамі, адназначна сказалі: беларускаму народу не даюць магчымасці абіраць сваіх дэпутатаў. А гэта азначае, што ўлада дыскрымінуе ўласных грамадзян і тых, за кошт каго яна жыве“, — цытуе “Беларускі партызан” словы апазіцыйнага палітыка.

Алесь Лагвінец лічыць, што ўлада жадае ў рамках парламенцкага вымярэння праграмы «Ўсходняга партнёрства» (Еўранест) атрымаць «дадатковую легітымізацыю створанай у краіне аўтарытарнай сістэмы». “Гэта сістэма адмаўляе падзел улад, магчымасць правядзення вольных і справядлівых выбараў, вольны доступ да асноўных дзяржаўных СМІ з боку прадстаўнікоў розных палітычных поглядаў і груп“, — сказаў дараднік лідара Руху «За Свабоду».

Як раней паведамляў Тэлеграф, кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў сёмага сакавіка заявіў, што краіна не можа пагадзіцца з якой-небудзь дыскрымінацыяй у рамках «Усходняга партнёрства», у тым ліку, у парламенцкім вымярэнні гэтай праграмы, а менавіта ў “Еўранесце“.

“Мы прынцыпова не можам з гэтым пагадзіцца, у тым ліку і таму, што гэта з’яўляецца парушэннем прынцыпаў самога «Ўсходняга партнёрства», якія былі зацверджаны ў Празе”, — падкрэсліў Сяргей Мартынаў.

“Наша пазіцыя ў гэтым сэнсе не адзіная: я праінфармаваў калегаў-міністраў пра тое, што ўсе спікеры парламентаў шасцёркі дзяржаў-партнёраў падпісалі сумесны ліст, адрасаваны старшыні Еўрапейскага парламента, у якім выказваюць менавіта гэты пункт гледжання”, — заявіў міністр замежных спраў.
 

Как вам новость?
Головоломки