Лаўроў: УП можа нанесці шкоду адносінам РФ з краінамі СНД

13.05.2010 14:37
Архив Редакция

Кіраўнік міністэрства замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў лічыць, што праграма Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" (УП), якая накіравана на збліжэнне ЕС з Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Малдавіяй, Беларуссю і Украінай можа нанесці шкоду стасункам Расіі з гэтымі краінамі. "Але пакуль асаблівых прычынаў для занепакоенасці няма", — мяркуе Сяргей Лаўроў.

«Рэалізацыя закладзеных у канцэпцыю УП Еўрасаюза інтэграцыйных прапановаў, такіх як заключэнне пагадненняў аб асацыяцыі з ЕС, стварэнне зонаў свабоднага гандлю і эканамічнай супольнасці суседства, забеспячэнне энергетычнай узаемазалежнасці, у прынцыпе можа нанесці шкоду нашым сумесным інтэграцыйным напрацоўкам у рамках СНД, Еўразэс, Мытнага саюза, адбіцца на дынаміцы нашых адносінаў з краінамі-ўдзельніцамі праграмы», — адзначае кіраўнік МЗС РФ, перадае РИА «Новости».
«Аналіз станаўлення гэтай ініцыятывы ЕС паказвае на заўчаснасць алармісцкіх настрояў, а прыкметных вынікаў ва «Усходнім партнёрстве» на сёння не прасочваецца, — сказаў Сяргей Лаўроў. — Мы назіраем і відавочны дэфіцыт праектаў, якія маюць перспектывы ажыццяўлення. Заяўленых аб’ёмаў фінансавання відавочна недастаткова для дасягнення пастаўленых мэтаў».
Міністр замежных спраў Расіі адзначыў, што Масква ўважліва сочыць за працэсам рэалізацыі «Усходняга партнёрства», у тым ліку і «праз прызму магчымага далучэння Расіі да тых яго праектаў, якія будуць уяўляць для нас відавочны інтарэс». 
Па словах Сяргея Лаўрова, Расія такую магчымасць «у прынцыпе не выключае». «У той жа час вызначальнай умовай нашага ўдзелу ва УП з’яўляецца забеспячэнне яго поўнай транспарэнтнасці, улік нашых інтарэсаў на ранніх стадыях прапрацоўкі праектных ідэяў. Пакуль афіцыйных прапановаў на гэты конт з боку ЕС не паступала», — сказаў Сяргей Лаўроў.
Праграма ЕС «Усходняе партнёрства» не прадугледжвае членства шасці краін СНД, на якія яна накіравана, у Еўрасаюзе, але прадугледжвае палітычнае і эканамічнае збліжэнне. Праграма была прынята ў траўні 2009 года.

Как вам новость?