Латушка абмеркаваў з паслом Італіі перспектывы супрацоўніцтва

14.01.2011 09:10
Архив Редакция

Міністр культуры Беларусі Павел Латушка і амбасадар Італіі ў Мінску Арнальда Абэці 13 студзеня ў ходзе рабочай сустрэчы ў Мінску абмеркавалі пытанні беларуска-італьянскага супрацоўніцтва ў галіне культуры. Як паведамілі ў міністэрстве культуры, сустрэча была ініцыяваная амбасадарам Італіі.

Паводле інфармацыі міністэрства, у ходзе перамоваў бакі разгледзелі пытанні падпісання міжурадавага пагаднення аб культурным супрацоўніцтве. Акрамя таго, удзельнікі перамоў абмеркавалі пытанні арганізацыі ў Італіі стажыровак беларускіх студэнтаў ВНУ сферы культуры і адпаведных спецыялістаў. На сустрэчы таксама закранулі пытанні ўзаемадзеяння ў галіне аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны, перадае БелаПАН.

У мінкульце таксама паведамілі, што Арнальда Абэці падтрымаў ініцыятыву ўдзелу беларускіх мастакоў у міжнароднай выставе сучаснага мастацтва Венецыянскай біенале, якая пройдзе летам 2011 года.

Пасол Італіі сустрэўся з Філарэтам

Разам з тым, днём раней, 12 студзеня, Арнальдо Абэці ўпершыню сустрэўся з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, паведамляе Беларускі праваслаўны навіновы партал.

У ходзе гэтай сяброўскай сустрэчы бакі абмеркавалі агульныя пытанні дыялогу Беларускай праваслаўнай царквы і пасольства Італіі ў культурна-асветніцкай сферы.

Как вам новость?