Латвійская паперня пераносіць вытворчасць у Беларусь

31.08.2010 11:12
Архив Редакция

Латвійская папяровая фабрыка Liepājas papirs (LP) пераносіць частку вытворчасці ў Гомель, дзе ў пачатку 2011 года пачне працу сумеснае беларуска-латвійскае прадпрыемства. Па словах дырэктара LP Яніса Вілнітыса, у Беларусь плануецца перанесці нерэнтабельную частку вытворчасці — выпуск прадукцыі з нізкай дабаўленай вартасцю.

Ліепайскія вытворцы паперы супрацоўнічаюць з партнёрамі з Беларусі ўжо больш за год. У цяперашні момант уладжваюцца фармальнасці для заснавання сумеснага прадпрыемства, у якім палова доляў будзе належаць LP, а палова — беларускай кампаніі, перадае Телеграф.lv.

«Цяпер ідзе працэс афармлення дакументаў, так што пакуль кампанію-партнёра не назаву», — адзначыў дырэктар LP Яніс Вілнітыс.

Па словах Яніса Вілнітыса, у Беларусі ў параўнанні з Расіяй, з якой LP супрацоўнічае даўно, усё нашмат надзейней. «Няхай многія і называюць Беларусь паліцэйскай дзяржавай, але там усё ясна і стабільна. А галоўнае — вытворчыя выдаткі ніжэйшыя. Новае прадпрыемства будзе вырабляць самую танную прадукцыю, якую ў Ліепаі ўжо проста нерэнтабельна выпускаць — праз высокія кошты на энерганосьбіты і сыравіну, вялікія падаткі і заробкі сабекошт атрымліваецца занадта высокім», — заявіў дырэктар LP.

На думку Яніса Вілнітыса, рэалізацыя прадукцыі ў зоне Мытнага саюза будзе для LP выгадная. «Гэтая прадукцыя ў асноўным пастаўляецца ў Расію, крыху ў Беларусь і Казахстан; гэты рынак цяпер адзіны, так што і на мытных зборах атрымаецца значная эканомія. LP будзе крыху гэтай прадукцыі закупляць у сумеснага прадпрыемства для рэалізацыі на балтыйскім рынку. Закупка абыдзецца танней за вытворчасць у Ліепаі», — сказаў кіраўнік латвійскай кампаніі.
 
«Спачатку перавязем на новае месца шэсць паліграфічных машын. Затым нашых спецыялістаў чакаюць камандзіроўкі ў Беларусь для навучання новых супрацоўнікаў. Будуць беларусы і сюды на вучобу прыязджаць. З новага года сумеснае прадпрыемства пачне працу. У першым паўгоддзі мы плануем выйсці на аб’ём вытворчасці ў 70 тыс. еўра на месяц», — дадаў Яніс Вілнітыс.

Как вам новость?