Лазавік: беларускія партыі страшна далёкія ад народа

08.11.2010 10:00
Архив Редакция

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік патлумачыў, чаму лічыць несур'ёзнымі патрабаванні апазіцыі аб тым, што прадстаўнікі палітычных партый павінны мець прыярытэт пры выбары членаў участковых выбарчых камісій. "Як казаў класік, "вузкае кола гэтых людзей, страшна далёкія яны ад народа", — адзначыў прадстаўнік Цэнтрвыбаркама.

Па словах Мікалая Лазавіка, галоўным суб’ектам палітычнага працэсу з’яўляецца не палітычная партыя, а выбаршчык, перадае карэспандэнт Тэлеграфа.

«Палітычная партыя — гэта арганізацыя, якая адстойвае інтарэсы пэўнага пласта грамадства. Акрамя таго, партыя існуе для таго, каб змагацца за ўладу, ажыццяўляць ўладу канстытуцыйнымі метадамі», — дадаў прадстаўнік ЦВК.

«Тэарэтычна кожная партыя прадстаўляе нейкі пласт грамадства і калі іх сумаваць, то атрымліваецца, што партыі ў цэлым прадстаўляюць усё грамадства, ці, прынамсі, значную яго частку. Таму я лічу, што ў партыі павінна быць рэальнае права ўдзельнічаць у барацьбе за ўладу. Але гэта ў тым выпадку, калі партыя сапраўды з’яўляецца тым органам, які адлюстроўвае інтарэсы значных сацыяльных слаёў грамадства», — сказаў Мікалай Лазавік.

Лазавік: партыі — гэта інструменты прасоўвання асобных палітычных лідараў

«Звярнуся да меркавання міжнародных назіральнікаў, якія прааналізавалі чые інтарэсы абараняюць палітычныя партыі ў Беларусі. У верасні 2010 года ў Беларусі працавала ацэначны місія АБСЕ. У дакладзе спецыялістаў АБСЕ даецца ацэнка палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Цытую: «для Беларусі характэрна слабаразвітая структура палітычных партый. Партыі, як правіла, функцыянуюць як інструменты прасоўвання інтарэсаў асобных палітычных лідараў», — дадаў Мікалай Лазавік.

«Нельга сказаць, што гэта дрэнна. Гэта вельмі, дужа дрэнна. Але на жаль гэта факт», — падкрэсліў сакратар ЦВК.

Лазавік: прапановы апазіцыі не адпавядаюць з Выбарчым кодэксам

«З юрыдычнага пункту гледжання, прапанова аўтараў праекту (прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў Беларусі — Тэлеграф) не можа быць прынята, бо выходзіць за рамкі Выбарчага кодэксу. Заяўнікі фактычна прапаноўваюць адмяніць усталяваную кодэксам норму аб фармаванні траціны камісій са складу палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў і ўсталяваць новую норму аб фармаванні выбаркамаў у першую чаргу з прадстаўнікоў палітычных партый. Гэта парушэнне раўнапраўя суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе», — лічыць сакратар ЦВК.

Пры гэтым Мікалай Лазавік не згодны з абвінавачаннямі ў тым, што нават пасля ўнясення зменаў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства пры фармаванні ўчастковых камісій не адбылося ніякіх станоўчых пераменаў. «Практыка кажа зусім аб іншым», — адзначыў сакратар ЦВК.

Па словах Мікалая Лазавіка, на мінулых прэзідэнцкіх выбарах у 2006 годзе ў склад камісіяў было ўключана 7,5 тыс. прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб’яднанняў, што складала 10% ад агульнай колькасці працаўнікоў выбаркамаў. У 2010 годзе — 29,6 тыс., або 41,8%. Такім чынам, як сказаў сакратар ЦВК, назіраецца рост у чатыры разы.

Акрамя таго, па дадзеных ЦВК, на мінулых выбарах у склад камісіяў было ўключана 122 прадстаўнікі палітычных партый, а цяпер — 1,76 тыс. чалавек. (У 14,5 разоў больш).

«Калі на мінулых выбарах прадстаўнікоў апазіцыйных партый ва ўчастковых выбаркамах практычна не было, дакладней, быў толькі адзін член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, то на гэтых выбарах — 183 прадстаўнікі апазіцыі», — дадаў Мікалай Лазавік.

«Магчыма, многія хацелі б большага. Тым не менш, прагрэс відавочны. Таму я прапаноўваю і далей падтрымліваць гэты прагрэс, спрыяць прасоўванню прадстаўнікоў партый у выбарчыя камісіі, садзейнічаць іх актыўнаму ўдзелу ва ўсіх этапах выбарчага працэсу, не парушаючы раўнапраўя. У выбарчым працэсе ўсе павінны карыстацца роўнымі правамі», — падсумаваў сакратар ЦВК.

Як раней перадаваў Тэлеграф, прадстаўнікі беларускай апазіцыі накіравалі ў Цэнтральную выбарчую камісію зварот з просьбай патлумачыць выбарчае заканадаўства, а таксама з шматлікімі прапановамі па яго паляпшэнні.

Как вам новость?