Лазавік: далей ЦВК ліберальнічаць не будзе

28.10.2010 12:41
Архив Редакция

На першым этапе выбарчай кампаніі Цэнтрвыбаркам «ўзяў курс на ліберальнасць», заявіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. "Калі мы скажам, што будзем і далей лібэральнічаць, то могуць жа і зусім распусціцца! І выйсці за ўсе рамкі, якія толькі можна ўявіць. Калі будзе грубае і свядомае ігнараванне патрабаванняў заканадаўства, ЦВК будзе рэагаваць жорстка", — падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік Цэнтрвыбаркама.

Рэгістрацыю прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Цэнтрвыбаркам плануе завяршыць раней за ўказаны тэрмiн, і агітаваць за сябе кандыдаты змогуць пачаць да 24 лістапада. «Калі ў нас пачатак рэгістрацыі з 14 і па 23 лістапада, то дзесьці ў сярэдзіне гэтага прамежку і правядзем пасяджэнне камісіі. Мы да апошняга дня цягнуць не зацікаўленыя», — сказаў Мікалай Лазавік, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Па словах сакратара, ЦВК жадае, каб у кандыдатаў быў як мінімум месяц на агітацыю. Прычым, сцвярджае Мікалай Лазавік, хоць у камісіі і ёсць магчымасць рэгістраваць прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост па чарзе, ЦВК выведзе на старт усіх адначасова.

«У Цэнтрвыбаркама, зразумела, ёсць права спачатку аднаго разгледзець, потым — другога, за ім — трэцяга. Але мы нічога такога не практыкавалі — каб не было няроўных умоў. Усе кандыдаты павінны быць у роўных умовах. У тым ліку і адначасова стартаваць», — адзначыў прадстаўнік ЦВК.

Лазавік: збіраць подпісы за Лукашэнку могуць не толькі члены ягонай ініцыятыўнай групы

Першы этап выбарчай кампаніі вызначыўся толькі адным папярэджаннем — ініцыятыўнай групе лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева. Па словах Мікалая Лазавіка, былі некаторыя парушэнні і ў іншых прэтэндэнтаў. «Некаторыя парушэнні дапускалі і іншыя патэнцыйныя кандыдаты. Але мы досыць паблажліва ставімся да гэтых спробам дзейнічаць на мяжы фолу», — адзначыў сакратар ЦВК.

Мікалай Лазавік таксама пракаментаваў дзеянні прыхільнікаў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якіх абвінавачвалі ў шматлікіх парушэннях, у тым ліку ў тым, што подпісы за кіраўніка дзяржавы збіралі людзі, якія не з’яўляюцца членамі яго ініцыятыўнай групы. «Гэты выпадак стаў прадметам разгляду на пасяджэнні Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Мы давалі тлумачэнні: падчас збору подпісаў запаўняць падпісны ліст, пісаць прозвішча, імя і імя па бацьку, адрас і пашпартныя дадзеныя мае права і памочнік члена ініцыятыўнай групы», — адзначыў сакратар камісіі.

А ўсе скаргі на ЦВК Мікалай Лазавік лічыць сведчаннем палітычнай актыўнасці пэўнай часткі грамадства. Аднак, па словах сакратара ЦВК, ён не разумее, што магло пакрыўдзіць людзей, якім старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына адмовіла ў далейшай перапісцы па пытанні незаконнасці рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.

Лазавік: мы вітаем празрыстыя выбарчыя урны

Па словах Мікалая Лазавіка, на забеспячэнне выбарчых участкаў празрыстымі скрынямі ў ЦВК няма грошай. «Мы вітаем, каб выбарчыя урны былі празрыстымі, але мы нікога не прымушаем іх набываць. Гэта справа прадпрыемства, якое абсталюе выбарчы ўчастак. У нашым бюджэце на гэта грошай няма. А калі спадар Някляеў паставіць іх на выбарчыя ўчасткі — няхай. Калі ў яго грошай так шмат», — заявіў Мікалай Лазавік.

Как вам новость?
Головоломки