Лазавік: я пастаянны кліент "чорнага спісу" Еўрасаюза

02.02.2011 15:43
Архив Редакция

Сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалая Лазавіка факт яго ўключэння ў спіс неўязных у Еўрасаюз не здзівіў. "Я ў ім пастаянны кліент", — заявіў Мікалай Лазавік. Паводле яго слоў, рашэнне ЕС аб увядзенні візавых санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў было ў цэлым прадказальна. 

Між тым Мікалай Лазавік адзначыў, што дадзеныя санкцыі ўвялі не прыхільнікі дэмакратыі ў Беларусі, а, наадварот, яе праціўнікі. «Менавіта арганізатары выбараў і ўлады ў цяперашні час з’яўляюцца сапраўднымі прыхільнікамі дэмакратыі, праваднікамі дэмакратыі ў жыццё. На ўсіх этапах выбарчай кампаніі кіраўніцтва краіны прадэманстравала сваю супердэмакратычнасць, звышдэмакратычнасць», — цытуе Мікалая Лазавіка «Салiдарнасць».

Да праціўнікаў дэмакратыі ў Беларусі сакратар ЦВК прылічыў «апазіцыянераў, грантасмокаў, для якіх чым горш у краіне, тым лепш». «Яны спрабавалі і спрабуюць ачарніць працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. У такім жа ключы дзейнічаюць і донары. Гэта яны спансавалі беспарадкі ў краіне», — заявіў Мікалай Лазавік.

У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалай Чаргінец, таксама ўключаны ў спіс неўязных, таксама спакойна ўспрыняў навіну аб прымененых да яго санкцыі.

У той жа час былая намесніца галоўнага рэдактара газеты Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Беларусь» Ганна Шадрына заявіла, што рашэнне ЕС забараніць ёй ўезд на тэрыторыю Еўрасаюзу моцна «ударыць па ёй», перадае «Наша Нiва».

«Мне непрыемна бачыць там сваё прозвішча. Вядома, я разумею, адкуль гэтае рашэнне. Я 13 гадоў адпрацавала ў газеце «Савецкая Беларусь». Калі гэта па прынцыпе прыналежнасці да дзяржаўнага выдання, то я гатовая несці адказнасць», — заявіла Ганна Шадрына.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 31 студзеня Еўрапейскі саюз прыняў рашэнне ўвесці візавыя санкцыі ў дачыненні да 158 афіцыйных асобаў Беларусі. Акрамя гэтага, ЕС ўводзіць эканамічныя санкцыі ў дачыненні да ўсіх асобаў, якія ўвайшлі ў спіс неўязных, за выключэннем аднаго чалавека — былога кіраўніка МУС і экс-міністра спорту і турызму Беларусі Юрыя Сівакова.

Как вам новость?