Лідар "зялёных" вырашыў аб'яднаць беларускую апазіцыю

13.07.2010 12:01
Архив Редакция

Намеснік старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Юры Глушакоў мае намер шляхам перамоваў аб'яднаць беларускую апазіцыю. Палітык падрыхтаваў некалькі персанальных зваротаў да кожнага прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост. Першы свой ліст Юры Глушакоў адрасаваў прадстаўніку Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраславу Раманчуку.

Намеснік старшыні «зялёных» заявіў, што Беларусь «стаіць на парозе сур’ёзных пераменаў», але нічога не зменіцца, калі апазіцыя не зможа аб’яднаць свае сілы, перадае «Беларускі партызан».

«Неабходна тэрмінова пераадолець інсую сітуацыю раздробненасці ў дэмакратычным лагеры. Адзінства — гарантыя перамогі. Мы спадзяемся, што лідары дэмакратычнай апазіцыі Беларусі змогуць пераадолець цяперашнюю раз’яднанасць і выпрацаваць механізм вызначэння адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, які ўлічвае інтарэсы ўсіх», — заклікаў Юры Глушакоў.

Палітык прапанаваў арганізаваць у другой палове ліпеня гэтага года сумесную сустрэчу прэтэндэнтаў у кандыдаты з дэмакратычнымі актывістамі Гомелю і Гомельскай вобласці. На думку, Юрыя Глушакова мясцовыя апазіцыйныя арганізацыі выступаюць найбольш скансалідавана ў пытанні неабходнасці выбару адзінага кандыдата і працаваць на каго-небудзь аднаго адмаўляюцца.

Як раней паведамляў Тэлеграф, на прэс-канферэнцыі ў Мінску 31 траўня Беларуская партыя «Зялёныя» вылучыла ў якасці свайго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Юрыя Глушакова. Пры гэтым сам патэнцыйны кандыдат перад сваім вылучэннем назваў прычынай «сённяшніх няўдач дэмакратычнага руху» «няправільную ацэнку (апазіцыяй) наяўнай сітуацыі».