Лідара кампаніі "Гавары праўду!" адправілі ў ізалятар

19.05.2010 17:13
Архив Редакция

Лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», паэта Уладзіміра Някляева адправілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна як падазраванага па крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 250 КК Беларусі (распаўсюд загадзя лжывай інфармацыі пра асобы і паслугі). Пра гэта жонцы Уладзіміра Някляева паведамілі ў РУУС Ленінскага раёна Мінску.

Адвакат Уладзіміра Някляева Мар’яна Сямешка паведаміла, што яе падабароннага затрымалі напярэдадні 18 траўня пасля вобшукаў у яго кватэры і офісе кампаніі «Гавары праўду!». Па словах адваката, абвінавачанне яе падабароннаму пакуль не прад’яўлена, перадае БелаПАН.
Уладзімір Някляеў правёў ноч у Ленінскім УУС, пасля чаго раніцай, 19 траўня быў выкліканы на допыт, падрабязнасці якога яго адвакат паведамляць не стала. Жонка лідара кампаніі «Гавары праўду!» распавяла, што допыт звязаны са справай, узбуджанай па артыкуле 250 КК. «Незразумела, якое дачыненне да гэтага мае Уладзімір Някляеў і кампанія «Гавары праўду!», якая не займаецца гаспадарчай дзейнасцю», — пракаментавала жонка паэта. 
Тым часам, у ізалятары на вуліцы Акрэсціна цяпер таксама знаходзяцца актывісты кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Возняк — рэдактар газеты «Таварыш», якую выдае Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», якіх 18 траўня затрымалі на трое сутак як падазраваных па вышэйзгаданай крымінальнай справе.
Актывісты кампаніі «Гавары праўду!» працягнуць сваю працу
Акрамя таго, 19 траўня ў офісе Партыі БНФ прайшла прэс-канферэнцыя ў сувязі з ператрусамі і арыштамі актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», у якой прынялі ўдзел актывісты кампаніі, а таксама лідары апазіцыйных палітычных партый.
Палітолаг, актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Святлана Навумава назвала ўчорашнія вобшукі палітычным пагромам, які, па яе меркаванні, праведзены ў адказ на «народнае галасаванне за пераназванне вуліцы Ульянаўскай у гонар Васіля Быкава» і заявіла пра тое, што ўсе актывісты пацвердзілі жаданне ўдзельнічаць у кампаніі далей, паведамляе сайт АДС.
«Гэты палітычны пагром ёсць не што іншае як ацэнка нашай кампаніі. Гэта адказ на пытанне, ці можа рэжым Лукашэнкі дэмакратызавацца, — сказала Святлана Навумава, дадаўшы, што ператрусы з’яўляюцца «несаліднай рэакцыяй улады на тыя плёткі, якія былі вакол кампаніі».
У сваю чаргу, праваабаронца Таццяна Процька адзначыла: «Сілавікі ўчора білі не па асобных людзях, а па праўдзе. Спецслужбы выкарыстоўвалі схему часоў 1937 года. Людзей не інфармавалі, за што іх затрымліваюць». Па словах праваабаронцы, учорашнімі ператрусамі і затрыманнямі «ўлады хацелі напалохаць людзей». «Судовай перспектывы справа супраць актывістаў кампаніі не мае», — упэўнена Таццяна Процька.
Калякін павіншаваў кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду!» з дзеяннямі ўлады
Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін заўважыў, што ўчорашнія падзеі толькі дададуць папулярнасці кампаніі «Гавары праўду!». «Як гэта ні парадаксальна, але я хачу павіншаваць кіраўнікоў кампаніі з учорашнімі дзеяннямі ўлады, — заявіў палітык. — Гэта вялікі поспех, бо пра кампанію загаварылі простыя людзі. Сёння ўлада проста не разумее, што робіць».
Сяргей Калякін лічыць, што ўзбуджаная крымінальная справа носіць «выключна палітычную афарбоўку». «Атрымліваецца, што ўлада зрабіла праўду таварам. Па гэтым артыкуле трэба пасадзіць у турму ўсіх вертыкальнікаў, якія кажуць няпраўду пра жыццё беларусаў», — заявіў Сяргей Калякін, дадаўшы, што гэтыя падзеі з’яўляюцца «звычайным фашызмам» і заклікаў дэмакратычныя сілы Беларусі да салідарнасці. 
У сваю чаргу, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Лёваў Марголін заявіў, што сёння «гаварыць праўду небяспечна». Намстаршыні АГП таксама параўнаў дзеянні ўлады з фашызмам і заявіў, што «ўлада яшчэ не раз пашкадуе пра зробленае». 
Палітолаг і эксперт кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандр Фядута падкрэсліў, што актывісты кампаніі не займаліся палітыкай, а ўлада распачала рэпрэсіўныя меры ў адказ на кампанію па пераназванні вуліц у гонар Быкава. «Гэта кампанія, відаць, насцярожыла ўладу, паколькі ў ёй бралі ўдзел розныя людзі — ад камуністаў да лібералаў. Гэтых людзей аб’яднала агульная ідэя. А Лукашэнка проста дэманструе свой недавер Усходу, дзяржапарату і сваім спецслужбам», — сказаў эксперт.
«Нягледзячы на рэпрэсіўныя меры, збор подпісаў за пераназванне вуліцаў працягнецца і кампанія зробіць усё, каб яе затрыманыя актывісты хутчэй выйшлі на волю», — дадаў Аляксандр Фядута.

Как вам новость?
Головоломки