Лідара «Маладога Фронту» затрымліваюць ужо другі дзень запар

10.12.2010 15:26
Архив Редакция

Вечарам 9 снежня ў Мінску затрымалі старшыню зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады Фронт" Змітра Дашкевіча, яго абвінавацілі ва ўгоне аўтамабіля. Аналагічнае затрыманне моладзевага лідара адбылося 8 снежня. Тады яго вызвалілі толькі пасля ўмяшальніцтва прадстаўнікоў АБСЕ.

Каля 19:30 Зміцер Дашкевіч вёў машыну свайго знаёмага каля Галоўпаштамта на вуліцы Свярдлова, калі яго спыніла дарожна-патрульная служба. У машыне знаходзіліся таксама намеснік Дашкевіча Наста Палажанка і актывіст «Маладога Фронту» Уладзімір Ерамёнак.

«Супрацоўнікі ДПС праверылі мае дакументы і прапанавалі праехаць ва УУС Кастрычніцкага раёна. Яны заявілі, што я нібыта гэтую машыну ўгнаў», — цытуе лідара «Маладога Фронту» БелаПАН.

У РУУС, па словах Змітра Дашкевіча, правялі праверку транспартнага сродку. Малады чалавек таксама адзначыў, што яго правы кіроўцы ў поўным парадку, а прадстаўленне іншых дакументаў для кіравання чужым аўтамабілем на сённяшні дзень закон не прадугледжвае.

Вынікаў праверкі Зміцер Дашкевіч не стаў чакаць і пакінуў РУУС. Аднак там засталася Наста Палажанка, каб даць пісьмовыя тлумачэнні, паколькі аўтамабіль належыць бацьку дзяўчыны.

У выніку намесніца старшыні «Маладога Фронту» дабіралася дадому грамадскім транспартам, паколькі міліцыянты вырашылі пакінуць транспартны сродак на пляцоўцы каля будынка РУУС. Яны заявілі, што машына будзе знаходзіцца там да заканчэння праверкі.

8 снежня Дашкевіча вызвалілі толькі пасля ўмяшання АБСЕ

Падобным чынам Змітра Дашкевіча затрымалі 8 снежня. У той раз супрацоўнікі міліцыі заявілі, што яго  пасведчанне кіроўцы падробленае. Пасля таго, як у сітуацыю ўмяшаліся назіральнікі БДІПЧ АБСЕ, абвінавачванні з маладога чалавека былі знятыя. Аднак аўтамабіль, на якім ехаў Зміцер Дашкевіч, супрацоўнікі міліцыі ўсё-ткі затрымалі на дзесяць дзён, каб праверыць, ці не лічыцца яна скрадзенай.

На думку Змітра Дашкевіча, такія паводзіны супрацоўнікаў міліцыі звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, якія прызначаныя на 19 снежня, і з акцыяй пратэсту, якую лідары апазіцыі заклікаюць правесці ў выпадку фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Как вам новость?