Лідары АДКБ назвалі змену ўлады ў Кыргызтане неканстытуцыйнай

11.05.2010 10:02
Архив Редакция

Восьмага траўня ў Маскве адбыўся нефармальны саміт Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, на якім лідары краін АДКБ абмеркавалі сітуацыю ў Кыргызстане. Як гаворыцца ў выніковай заяве прэзідэнтаў, кіраўнікі дзяржаў АДКБ занепакоены "неканстытуцыйнай зменай улады" ў гэтай рэспубліцы.

«Разглядаючы гэтыя падзеі як унутраную справу Кыргызскай Рэспублікі, мы выяўляем глыбокае шкадаванне і спачуванні з нагоды шматлікіх чалавечых ахвяр, а таксама матэрыяльнай шкоды, нанесенай ў выніку гэтых падзей», — цытуе дакумент прэс-служба прэзідэнта Беларусі.
Лідары краін АДКБ выказалі жаданне «аказаць народу Кыргызстана гуманітарную і іншую дапамогу для хуткай стабілізацыі становішча ў краіне», а таксама пацвердзілі «стратэгічны курс на ўсебаковае развіццё саюзніцкага супрацоўніцтва ў рамках АДКБ з актыўным удзелам Кыргызстана», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перад прыняццем выніковай заявы лідараў Арганізацыі адзначыў, што  АДКБ «выявіла недастатковую паваротлівасць, рэагуючы на падзеі ў Кыргызстане», і члены Арганізацыі ў складаны момант «не змаглі сабрацца і выказаць кансалідаванае меркаванне з нагоды гэтых падзей».
Па словах беларускага лідара, нават пасля стварэння 27 красавіка, калі ён ужо абазначыў сваю пазіцыю па гэтым пытанні, Групы высокага ўзроўня, яна не змагла на сваім паседжанні выпрацаваць агульныя падыходы ў дачыненні да калектыўнага рэагавання на сітуацыю ў Кыргызстане.
Прэзідэнт Беларусі ў чарговы раз падкрэсліў, што лічыць Курманбека Бакіева легітымным прэзідэнтам Кыргызстана, «пакуль у краіне не будуць праведзены прэзідэнцкія выбары ці іншай легітымным чынам адбудзецца адстаўка дзейснага кіраўніка дзяржавы».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыю ў Кыргызстане неабходна «ўвесці ў прававое рэчышча», а нармалізацыя становішча павінна адбывацца «выключна мірнымі палітычнымі спосабамі і сродкамі».
Атунбаева не прыехала на саміты АДКБ і СНД
Тым часам, як паведамляе інфармагенцтва CA-NEWS, часовыя ўлады Кыргызстана не прынялі ўдзел у нефармальных самітах АДКБ і СНД у Маскве, паколькі ў гэтай краіне яшчэ не сфармаваны канстытуцыйныя органы ўлады. Пра гэта заявіў памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька.
«Кыргызстан у саміце СНД не ўдзельнічае. У іх яшчэ не сфармаваны канстытуцыйныя органы. Яны так пытанне пра свой удзел у саміце АДКБ і СНД не ставілі», — сказаў памочнік Дзмітрыя Мядзведзева.
У нефармальным саміце Садружнасці Незалежных Дзяржаў удзельнічалі прэзідэнты Расіі Дзмітры Мядзведзеў, Арменіі Сяргей Саргсян, Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Казахстана Нурсултан Назарбаеў, Таджыкістана Эмамалі Рахмон, Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў, Украіны Віктар Януковіч, в.а. прэзідэнта Малдавіі Міхай Гімпу, прэм’ер-міністр Узбекістана Шаўкат Мірзіееў і выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.
У гэты ж дзень у Горках адбыўся нефармальны саміт Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы з удзелам прэзідэнтаў Расіі, Арменіі, Беларусі, Казахстана і Таджыкістана, прэм’ер-міністра Узбекістана і генеральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы.

Как вам новость?
Головоломки