Лідары апазіцыі патрабуюць ад ЕС "рашучых дзеянняў" па Беларусі

04.01.2011 17:51
Архив Редакция

Прадстаўнікі палітычных партый і грамадска-палітычных аб'яднанняў Беларусі звярнуліся да Еўрапарламенту і кіраўнікам краін ЕС з заявай аб неабходнасці "самых рашучых дзеянняў" у дачыненні да Беларусі "з мэтай вызвалення палітычных зняволеных". Аўтары звароту лічаць гэта патрабаванне адзіна магчымым прадметам перамоваў паміж Еўрасаюзам і беларускім урадам.

«У выпадку невыканання гэтых патрабаванняў лічым мэтазгодным прымяніць увесь арсенал сродкаў дыпламатычнага, палітычнага і эканамічнага ўздзеяння ў адносінах да ўрада Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў звароце, перадае БелаПАН. На думку аўтараў звароту, маштабныя фальсіфікацыі падчас галасавання і падліку галасоў вымушаюць канстатаваць: нельга лічыць, што прэзідэнцкія выбары адбыліся. «Сёння Аляксандра Лукашэнку нельга лічыць выбраным прэзідэнтам Беларусі. Гэта пацвярджае і тая неадэкватная жорсткая рэакцыя ўлады на мірную дэманстрацыю, якая прайшла ў Мінску ў дзень галасавання», — гаворыцца ў звароце. Аўтары звароту падкрэсліваюць, што на працягу двух тыдняў у краіне праходзяць масавыя ператрусы і арышты, пад рэпрэсіі трапляюць незалежныя СМІ, актывісты партый і грамадскіх арганізацый. «Супраць сямі кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама іх давераных асоб узбуджаныя крымінальныя справы, а кандыдаты ў прэзідэнты Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і яшчэ больш за 20 чалавек знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ», — адзначаецца ў звароце. Зварот падпісалі: ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» — Сяргей Калякін, Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Станіслаў Багданкевіч, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады — Станіслаў Шушкевіч, Партыі БНФ — Аляксей Янукевіч, аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» — Дзяніс Садоўскі, кампаніі «Гавары праўду!» — Вольга Някляева, кампаніі «Еўрапейская Беларусь» — Віктар Івашкевіч, грамадскага аб’яднання «Малады фронт» (Чэхія) — Аляксандр Кіркевіч, Руху «За Свабоду!» — Аляксандр Мілінкевіч, Рады беларускай інтэлігенцыі — Уладзімір Колас.

Как вам новость?