Лідары апазіцыі выступілі са зваротам да ПАРЕ і Рады Еўропы

25.08.2010 12:16
Архив Редакция

Кіраўніца прцоўнай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Сініка Хурскайнэн сустрэлася з лідарамі беларускай апазіцыі. У ходзе сустрэчы яны перадалі спецдакладчыцы ПАРЕ "Зварот дэмакратычных сілаў Беларусі да Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і Радзе Еўропы".

На сустрэчы прысутнічалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі, лідар грамадскага аб’яднання «Рух» За свабоду «Аляксандр Мілінкевіч і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч.

У сваім звароце прадстаўнікі беларускай апазіцыі запэўнілі ПАРЕ ў тым, што яны цалкам падтрымліваюць каштоўнасныя мэты і прынцыпы Рады Еўропы і ставяць сваёй прыярытэтнай задачай іх рэалізацыю ў Беларусі, перадае «Беларускі партызан».

Між тым, гаворыцца ў звароце, цяперашнія беларускія ўлады ў сваёй заканатворчай дзейнасці і правапрымяняльнай практыцы сістэматычна супярэчаць каштоўнасцям і прынцыпам Рады Еўропы і ПАРЕ, груба парушаючы правы чалавека і асноўныя свабоды, у тым ліку і палітычныя.

Апазіцыя: пасля дэмакратычных выбараў Беларусь зможа ўвайсці ў Раду Еўропы

У сувязі з гэтым беларуская апазіцыя разглядае перспектыву прыняцця Беларусі ў Раду Еўропы, а таксама вяртанне ёй статусу спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ як «інструмент, шанец і стымул для станаўлення дэмакратыі ў Беларусі». Разам з тым гэта можа быць зроблена толькі пасля правядзення прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. Для гэтага, як гаворыцца ў звароце, неабходна ўключыць у камісіі прадстаўнікоў усіх удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі, увесці мараторы на пераслед апанентаў улады, а таксама забяспечыць свабоднае распаўсюджванне інфармацыі.

«Дэмакратычныя, свабодныя выбары — галоўная ўмова ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы і ПАРЕ», — гаворыцца ў пасланні беларускай апазіцыі.

Акрамя таго, дэмакратычныя сілы Беларусі падтрымалі прапанову Палітычнага камітэту ПАРЕ стварыць на парытэтнай аснове з прадстаўнікоў улады і апазіцыі экспертную групу для забеспячэння аб’ектыўнасці і празрыстасці дыялогу з Беларуссю. Эксперты дадзенай групы дазволяць распрацаваць каляндарны паэтапны план набліжэння Беларусі да паўнамоцнага членства ў ПАРЕ і Радзе Еўропы.

Пад такім зваротам падпісаліся кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, лідар «Грамады» Анатоль Ляўковіч, кіраўнік «справядлівага свету» Сяргей Калякін, лідар Беларускай партыі жанчын «Надзея» Алена Еськава, старшыня аргкамітэту па стварэнні партыі працы Аляксандр Бухвостаў, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня аргкамітэту па стварэнні партыі БСДП НГ Мікалай Статкевіч, кіраўнік ПБНФ Аляксей Янукевіч і лідар «Руху «За свабоду»Аляксандр Мілінкевіч.

Как вам новость?