Лідскі лядовы палац плануюць адкрыць да "Дажынак-2010"

09.03.2010 14:11
Архив Редакция

Віцэ-прэм'ер Беларусі Іван Бамбіза паведаміў, што да "Дажынак-2010", якія пройдуць сёлета ў Лідзе, у горадзе плануюць адкрыць лядовы палац і спорткомплекс з тэніснымі кортамі. Па словах намесніка прэм'ер-міністра, у горадзе таксама абновяць аб'екты інфраструктуры і цэнтральныя вуліцы, а на падрыхтоўку і правядзенне самога фэсту выдаткуюць каля 500 млрд. рублёў.

“Будуць задзейнічаны ўсе формы ўласнасці. Вядома ж, будзе аказана бюджэтная падтрымка, — распавёў Іван Бамбіза. — Мы павінны зрабіць усё дыхтоўна і якасна, з найменшымі выдаткамі. Да працы будуць прыцягнуты аблвыканкам і райвыканкам. Будуць прыцягнуты крэдытныя рэсурсы і аблігацыйныя пазыкі”.

Па словах віцэ-прэм’ера, усяго ў спісе на капітальны рамонт і рэстаўрацыю знаходзяцца больш за 300 жылых дамоў, устаноў і сацыяльных аб’ектаў. “Да свята будаўнікам таксама неабходна пракласці дзясяткі кіламетраў новых камунікацый, адрамантаваць усе цэнтральныя вуліцы”, — сказаў намеснік прэм’ер-міністра, паведамляе ”Беларускі партызан”.

Іван Бамбіза адзначыў, што працы па будаўніцтве лядовага палаца знаходзяцца на завяршальнай стадыі і сваіх першых наведвальнікаў ён зможа прыняць ужо ў верасні 2010 года.
 

Как вам новость?
Головоломки