Лелуш: незалежнасць Беларусі — стабільнасць усёй Еўропы

02.04.2010 16:07
Архив Редакция

Дзяржаўны сакратар па еўрапейскіх справах МЗС Францыі П'ер Лелуш падчас сустрэчы ў Мінску з першым намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімірам Сямашкам заявіў, што Парыж прыняў стратэгічнае рашэнне пра супрацоўніцтва з Мінскам. "Для нас вельмі важна, каб Беларусь заставалася незалежнай краінай, гэта важна для падтрымання стабільнасці на ўсім еўрапейскім кантыненце", — сказаў дыпламат.

П’ер Лелуш адзначыў, што ён з’яўляецца першым чальцом урада Францыі, якія прыехалі ў Беларусь пасля таго, як краіна атрымала незалежнасць. «Я сапраўды адчуваю ступень адказнасці і важнасць моманту, у якім праходзіць мой візіт», — сказаў прадстаўнік французскага МЗС, перадае БелТА.

П’ер Лелуш таксама падкрэсліў, што «Францыя жадае бачыць Беларусь у Еўропе, паколькі лічыць яе чальцом еўрапейскай сям’і». «Супрацоўніцтва з Беларуссю неабходна і ў сувязі з фінансава-эканамічным крызісам, і ў інтарэсах абедзвюх краін сумесна працаваць над яго пераадоленнем», — заявіў дыпламат.

Прадстаўнік МЗС Францыі таксама звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі жыве «вельмі працаздольны народ, з добрай адукацыйнай базай». «Важна і выгоднае геаграфічнае становішча краіны. Я ўпэўнены, што калі мы ўсё гэта злучым разам, дык зможам спрыяць дабрабыту і росквіту нашых краін, большай стабільнасці ў Еўропе і выпрацоўцы агульных палітычных каштоўнасцяў», — сказаў П’ер Лелуш.

Па словах прадстаўніка французскага МЗС, у склад французскай дэлегацыі, якая знаходзіцца з візітам у Беларусі, уваходзяць парламентарыі. У маі французскі бок плануе прыняць у сябе групу беларускіх парламентарыяў. У хуткай будучыні чакаецца прыезд у Беларусь міністра культуры Францыі.

Сямашка: пачатак працы «Ўсходняга партнёрства» зацягнуўся

У сваю чаргу, першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімір Сямашка адзначыў, што Францыя падчас свайго старшынства ў Еўрасаюзе ў другой палове 2008 года зрабіла значны ўнёсак у наладжванне дыялогу паміж Беларуссю і ЕС.

«Нажаль, мы разумеем, што ўсюды ёсць вызначаная бюракратыя, — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер. — Што тычыцца рэальнага пачатку працы праекта «Ўсходняе партнёрства», дык, нам так здаецца, ён зацягнуўся. Але мы спадзяемся, што ўсе працэдурныя пытанні, усе рэгламенты будуць нарэшце ўзгоднены не пазней, магчыма, за першую палову гэтага года. І потым мы прыступім да рэалізацыі пэўных праектаў, першым чынам інфраструктурных, якія будуць на карысць як Беларусі, так і Еўрасаюзу».

Па словах Уладзіміра Сямашкі, для Беларусі гэта супрацоўніцтва з’яўляецца важным, паколькі «ЕС для Беларусі — партнёр нумар адзін з пункту гледжання таваразвароту і беларускага экспарту». «Мы шчыра хочам, каб нашы адносіны з ЕС будаваліся. І сёння кажам пра тое, каб Францыя ўсяляк пасадзейнічала таму, каб гэтыя адносіны выйшлі на прагматычны шлях», — сказаў першы намеснік прэм’ер-міністра.

Как вам новость?
Головоломки