Ліга чэмпіёнаў. "Штутгарт" Глеба саступіў з буйным лікам "Барселоне"

18.03.2010 11:34
Архив Редакция

"Барселона" без вялікіх намаганняў перайграла "Штутгарт" дзякуючы дублю Ліянэля Месі, а таксама галам Педра Радрыгеса і Бояна Кркіча і працягне кампанію па абароне чэмпіёнскага тытула ў 1/4 фіналу. У другім учорашнім матчы французскі "Бардо" на сваім полі абгуляў грэцкі "Алімпіякас" з лікам 2:1 і таксама прайшоў далей.

Калі ў першым паядынку «Штутгарт» заслужыў сімпатыі гледачоў адважнай гульнёй і годным супрацівам «Барселоне», дык на «Камп Ноў» швабам прыйшлося значна складаней. Ужо ў першым тайме іх брамнік Енс Леман капітуляваў двойчы. Спачатку пасля забойнага ўдару Месі, а затым у выніку бліскучай камбінацыі гаспадароў. Пасля перапынку аргентынскі вундэркінд яшчэ раз засмуціў нямецкага ветэрана, а давяршыў разгром Боян Кркіч. Прабіўшыся ў чвэрцьфінал, каталонцы захавалі шанцы стаць першымі, каму атрымаецца выйграць Лігу чэмпіёнаў два разы запар. Жарб’ёўка наступнай стадыі адбудзецца ў пятніцу, 19 сакавіка, паведамляе афіцыйны сайт УЕФА.

Нягледзячы на тое, што першы матч завяршыўся з лікам 1:1 і перавага ў відзе гала на выездзе была на баку «Барсы», наўрадці хтосьці чакаў ад каталонцаў абарончага футбола. Аднак гаспадары пачалі матч так вальяжна, што ўсё-ткі паўстала крамольная думка: ці не здрадзіла сабе «Барселона»? Апынулася, не здрадзіла. Проста спяшацца іспанцам было няма куды. Без залімітавых хуткасцяў, без магутнага націску, без звышнамаганняў клубны чэмпіён Еўропы прыняўся разбоўтваць гайкі і ніты ў абароне «Штутгарта». Як заўсёды, быў замецены Месі. Да дзявятай хвіліны ён паспеў аддаць дзве вострыя перадачы пад удар партнёрам і праверыць Лемана сам. У немцаў мяч трымаўся дрэнна, і любы іх няўдалы напад тут жа ператвараўся «Барсай» у небяспечны контрвыпад.

Менавіта так здарылася на 13-й хвіліне, і лік па суме двух матчаў стаў 2:1 у карысць гранатава-сініх. Пасля таго як Карлас Пуёль перапыніў у сваёй штрафной навясную перадачу, каталонцы вокамгненна дабраліся да чужых варот. Месі атрымаў пас ад Яя Турэ, зрушыўся справа ў цэнтр і з левай так гваздануў у блізкую «дзявятку», што ў Лемана не было ніводнага шанцу. Зрэшты, на гульню «Штутгарта» гол не паўплываў — як не было выразнага нападу да яго, так не было яго і пасля. Далёкія ўдары Здраўкі Кузманавіча небяспекі ў сабе не ўтойвалі, тады як «Барса» працягвала ў сваім духу: сапраўды, стыльна, эфектыўна, хоць гуляла без Хаві Эрнандэса, які пашкодзіў на трэніроўцы ікраножную цягліцу.

У адсутнасць намінальнага плеймейкера яго функцыі ўзялі на сябе Месі і, як ні дзіўна, Турэ. Івуарыец, дарма што апорны паўабаронца, актыўна і карысна дзейнічаў наперадзе і заслужана стаў аўтарам дзейснай перадачы. На 22-й хвіліне каталонцы некалькімі рухамі паразразалі абарону «Штутгарта» і падвоілі лік. Атрымаўшы на левым краі штрафной мяккую навясную перадачу ад Месі, Турэ ў дотык пераправіў мяч у цэнтр, а там яго пас з ходу замкнуў Педра Радрыгес. Пасля гэтага «Барселона» ледзь адышла назад, але «Штутгарт» па-ранейшаму глядзеўся цяжка на фоне жвавых каталонцаў.

Другі тайм не змяніў расстаноўкі сіл. Хіба што «Штутгарт» пачаў больш актыўна ісці наперад і, як вынік, стаў больш безабаронны ля сваіх варот. Наступствы не прымусілі сябе чакаць. Калі на 56-й хвіліне Турэ прабачыў швабаў, стукнуўшы побач з далёкай штангай, дык праз чатыры хвіліны Леману ўсё ж давялося ў трэці раз дастаць мяч з сеткі. Даніэл Алвес падоўжыў рэзкую флангавую камбінацыю элегантнай пятачкай на Месі, а ўладальнік «Залатога мяча» на развароце сышоў ад Крыстыяна Малінара і прабіў у супрацьход нямецкаму ветэрану.

«Штутгарт» не пакінуў бясплодных спроб і па інэрцыі ішоў наперад, але максімум, чаго дамогся быў недакладны ўдар Малінара з вострага кута пасля перадачы Аляксандра Глеба. «Барселона» ж магла забіць не раз і не два. Але ні Месі, ні Алвес, ні Андрэс Ініеста, ні Златан Ібрагімовіч, які выйшаў на замену, не змаглі перагуляць Лемана. Праўда, завяршыць матч, які можа стаць апошнім у еўракубкавай кар’еры 40-летняга брамніка, галкіпер не здолеў. Ледзь выйшаўшы на поле, Кркіч атрымаў ад Златана цудоўны пас і перагуляў Лемана ў блізкім боі.

Такім чынам у чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў прабіліся:

«Арсенал» (Англія)

«Баварыя» (Нямеччына)

«Ліён (Францыя)

«Манчэстар Юнайтэд» (Англія)

ЦСКА (Расія)

«Інтэр» (Італія)

«Барселона» (Іспанія)

«Бардо» (Францыя)

Как вам новость?
Головоломки