Ліга Еўропы: БАТЭ атрымаў перамогу, "Дынама" і "Дняпро" прайгралі

20.08.2010 12:34
Архив Редакция

Футбалісты барысаўскага БАТЭ атрымалі перамогу ў першым матчы плэй-оф Лігі Еўропы, а мінскае "Дынама" і магілёўскі "Дняпро" прайгралі свае паядынкі.

Барысаўцы на сваім полі ўпэўнена перайгралі гасцей з партугальскага «Марытыму» — 3:0. Усе мячы былі забіты ў другім тайме: на 56-й хвіліне лік адкрыў Эдгар Аляхновіч, праз 4 хвіліны вылучыўся Рэнан Брэсан, а трэці мяч на 70-й хвіліне забіў Аляксандр Паўлаў.

«Мы ставілі перад сабой задачу перамагчы. З «Капенгагенам» гулялі больш асцярожна, але пасля паразы зрабілі высновы і былі настроеныя толькі на перамогу», — сказаў галоўны трэнер барысаўцаў Віктар Ганчарэнка, перадае БелТА.

У наступным матчы ў Фуншале Віктару Ганчарэнку давядзецца абысціся без галкіпера Сяргея Верамко і паўабаронцы Паўла Няхайчыка, якія атрымалі па другім папярэджанні у матчах Лігі Еўропы. «У нас у абойме дастаткова добрых футбалістаў. Абараняць вароты будзе Аляксандр Гутар. Ён ужо паспеў праявіць сябе, так што будзем на яго спадзявацца. Цяжка будзе замяніць Няхайчыка, але давядзецца неяк выходзіць з гэтай сітуацыі. У нас ёсць Брэсан, Канцавы, Паўлаў і іншыя. Так што ў дадзенай сітуацыі будзем дзейнічаць па іншым раскладзе», — сказаў Віктар Ганчарэнка.

«Бруге» — «Дынама» 1:2, «Вільярэал» — «Дняпро» 5:0

Мінчукі, якія гулялі ў гасцях у бельгійскага «Бруге», выдатна пачалі сустрэчу і ўжо на 6-й хвіліне Станіслаў Драгун адкрыў лік. Да перапынку госці практычна ні ў чым не саступалі знакамітым супернікам і мелі яшчэ некалькі нядрэнных магчымасцяў забіць гол, але не змаглі павялічыць сваю перавагу. Пасля перапынку карціна на полі рэзка змянілася, гаспадары трывала завалодалі ініцыятывай і раз за разам пачалі пагражаць варотам Андрэя Гарбунова. У рэшце рэшт, бельгійская дружына дамаглася свайго: на 71-й хвіліне Карл Хофкенс рэалізаваў пенальці, а на 84-й хвіліне пераможны гол забіў Жонатан Блондэль — 2:1 на карысць «Бруге».

Яшчэ горш склаўся матч для магілёўскага «Дняпра», які гуляў на выездзе супраць іспанскага «Вільярэала». Госці нічога не змаглі супрацьпаставіць больш масцітым гаспадарам, саступіўшы з буйным лікам 0:5. У першым тайме беларусы прапусцілі 4 мячы: на 10-й хвіліне пачатак разгрому паклаў Карлас Марчэна, праз 7 хвілін лік падвоіў Санці Касорла, на 35-й хвіліне трэці мяч забіў Борха Валера, а перад перапынкам, на 45-й хвіліне вызначыўся Рубэн Кані. У другой палове сустрэчы, за 15 хвілін да фінальнага свістка Нілмар забіў апошні мяч у вароты Руслана Капанцова.

Польскі «Лех», у якім гуляе беларускі паўабаронца Сяргей Крывец, выйграў на выездзе ў Днепрапятроўскага «Дняпра» з мінімальным лікам 1:0. Наш суайчыннік правёў увесь матч. З тым жа вынікам Навасібірскі «Сібір» на чале з беларускім трэнерам Ігарам Крывушэнкам перамог ў сябе дома галандскі ПСВ. У гэтым паядынку на замену выходзіў беларус Дзмітры Молаш. Харкаўскі «Металіст» таксама з лікам 1:0 выйграў у гасцях у кіпрскай «Аоніі», львоўскія «Карпаты» ў Стамбуле згулялі ўнічыю 2:2 з «Галатасараем», а сімферопальскай «Таўрыя» буйна прайграла на выездзе леверкузенскаму «Баеру» — 0:3. Маскоўскі ЦСКА ў сябе дома не пакінуў шанцаў кіпрскаму «Анартосісу» — 4:0, а маскоўскі «Лакаматыў» разышоўся мірам на полі швейцарскай «Лазаны» — 1:1. Казахстанскі «Актобэ» ў Галандыі прайграў «Алкмаару» — 0:2, а азербайджанскі «Карабах» ў Дортмундзе не ўстаяў перад напорам «Барусіі» — 0:4.

Паўторныя матчы плэй-оф адбудуцца 26 жніўня.

Как вам новость?
Головоломки