Лябедзька "дапамог" журналісту выйграць у Фядуты бутэльку гарэлкі

10.06.2010 12:03
Архив Редакция

Палітолаг і вядомы літаратар Аляксандр Фядута прайграў у спрэчцы рэдактару аддзела палітыкі «Нашай Нівы» Змітру Панкаўцу бутэльку гарэлкі. Паспрачаліся журналіст і палітолаг у лютым 2008 года. Аляксандр Фядута сцвярджаў, што да наступных прэзыдэнцкіх выбараў адзіным кандыдатам ад апазіцыі стане лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, аднак журналіст з гэтым меркаваннем тады не пагадзіўся.

Цяпер адзіных кандыдатаў ад апазіцыі можа быць некалькі. Аднак, так ці інакш, старшыня АГП у іх ліку не апынецца, паколькі прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы ад АГП быў вылучаны намеснік старшыні партыі, эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Фядута прызнаў, што прайграў спрэчку», — распавёў Зміцер Панкавец, дадаўшы, што бутэльку гарэлкі палітолаг пакуль яшчэ не аддаў. У той жа час у блогу Аляксандра Фядуты вялося абмеркаванне таго, што журналісты «Нашай Нівы» захацелі замест выйгранай бутэлькі гарэлкі — бутэльку каньяку, перадае «Салідарнасць».

«Спрачаліся на гарэлку — атрымаеце гарэлку! Спрачаліся б на «чарніла» — атрымалі б «чарніла!», — пракаментаваў пажаданне журналістаў Аляксандар Фядута, пасля чаго прыехаў у рэдакцыю газеты, каб вярнуць доўг. «Я адзіны палітык у Беларусі, які трымае сваё слова», — сказаў Аляксандр Фядута, уручаючы журналісту бутэльку гарэлкі Finlandia.

Как вам новость?