Лябедзька: галоўная падзея ліпеня — "рэанімацыя" тэмы зніклых палітыкаў

03.08.2010 08:48
Архив Редакция

Галоўнай падзеяй ліпеня-2010 для Беларусі сталася, на думку лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, "рэанімацыя" тэмы зніклых беларускіх палітычных дзеячаў: фільмы НТВ, прэс-канферэнцыя і падрыхтоўка калектыўных зваротаў у еўрапейскія структуры.

Акрамя таго, для беларускай апазіцыі стала знакавай палітычнай падзеяй прэзентацыя перадвыбарчай праграмы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Яраслава Раманчука «Мільён новых працоўных месцаў». «Тое, што ў пятніцу ўвечары на прэзентацыю ў спякоту прыходзяць дзесяткі і дзесяткі маладых людзей — для мяне гэта гаворыць толькі пра тое, што пакрысе ў гэтай краіне нешта мяняецца», — заявіў лідар АГП.

Кажучы аб знешняй палітыцы, Анатоль Лябедзька адзначыў важнасць наступстваў крызісу ў беларуска-расійскіх адносінах. «Інфармацыйная вайна ў ліпені можа спрацаваць і ў снежні. Думаю, што сёння можна сцвярджаць, што, мабыць, упершыню на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі «Чырвоны дом» не будзе адчуваць публічную падтрымку Крамля. Гэта надавала б якасць прэзідэнцкай кампаніі», — адзначыў Анатоль Лябедзька.

Па словах кіраўніка АГП, Расія ў дачыненні да Беларусі пакуль кардынальна не змяніла стаўлення. Але апошнія падзеі (у тым ліку і тое, што Расія фактычна адмовілася будаваць у Беларусі атамную электрастанцыю) кажуць аб тым, што «Крэмль «саспявае» для таго, каб гэтую палітыку памяняць і канчаткова перастаць рабіць стаўку на цяперашняга беларускага лідара», — заявіў Анатоль Лябедзька, перадае Euramost.org.

Лябедзька: Мінск упершыню вымушаны ісці на саступкі

Беларуская ўлада заўсёды старалася ў любых канфліктах адстаяць свае пазіцыі, а цяпер афіцыйны Мінск вымушаны ісці на саступкі, чаго раней ніколі не было, сказаў беларускі палітык. Ён разглядае ўступленне Беларусі ў Мытны саюз як нейкі вымушаны крок, крок на чужых умовах.

«Думаю, што такая саступнасць можа спадабацца Крамлю. І гэта сведчыць пра тое, што ёсць нейкія паралелі з папярэднімі супрацьстаяннямі, але ёсць і новыя якасці — Крэмль заняў дастаткова жорсткую пазіцыю. Па прынцыпе: вялікая Расія, але адступаць няма куды», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Па словах лідара АГП, дакументы аб стварэнні Мытнага саюза падпісаныя фармальна, і кожны па-свойму трактуе іх палажэнні. З прычыны адсутнасці адзінства ў МС, палітык не бачыць перспектываў для развіцця дадзенай структуры.

Как вам новость?
Головоломки