Лябедзька: Лукашэнка і Сумар датычныя да крымінальнай справы

06.10.2010 11:32
Архив Редакция

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 5 кастрычніка накіраваў зварот генпракурору Беларусі Рыгору Васілевічу з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу па факце фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкай кампаніі 2006 года. Падставай для гэтага палітык называе прамыя заявы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Брэстаблвыканкама Канстанціна Сумара аб змене вынікаў галасавання.

«Абедзве заявы ўтрымліваюць сцвярджэнні, што канчатковыя вынікі галасавання былі змененыя, што з’яўляецца крымінальным злачынствам», — гаворыцца ў лісце Анатоля Лябедзькі.

Лідаэр АГП лічыць, што выказванні Аляксандра Лукашэнкі і Канстанціна Сумара з’яўляюцца «палітычнай правакацыяй накіраванай на замер рэакцыі грамадскай думкі», — перадае сайт АГП.

«З іншага боку нам даюць зразумець, што і ў распачатай прэзідэнцкай кампаніі, хто будзе прэзідэнтам краіны вырашаюць не выбаршчыкі, а клан, які знаходзіцца ва ўладзе. Асабіста я разглядаю гэта як адкрыты плявок у твар усім і кожнаму», — заявіў Анатоль Лябедзька.

Падчас перадвыбарчай кампаніі 2006 года пасля таго, як у Берасцейскім рэгіёне была адзначана надзвычай высокая падтрымка Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнік Берасцейскага аблвыканкама Канстанцін Сумар заявіў, што мясцовыя ўлады на 16 тыс. скарацілі колькасць тых, хто прагаласаваў за дзейнага прэзідэнта. Тым самым кіраўнік аблвыканкама прызнаў, што вынікі мінулых прэзідэнцкіх выбараў у рэгіёне былі сфальсіфікаваныя.

Аб фальсіфікацыі выбараў гаварыў і кіраўнік дзяржавы ў кастрычніку 2006 года. «Апошнія выбары мы сфальсіфікавалі… За прэзідэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5%. Кажуць — гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэта праўда было», — заявіў тады Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки