Лябедзька: ілжэсведчанне — візітная картка міліцыі

04.03.2010 16:41
Архив Редакция

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што праяснеў яго статус у "валожынскай справе". "Я атрымаў пастанову, у якой сказана, што супраць мяне крымінальная справа ўзбуджацца не будзе. А маё затрыманне і разгляды ў пракуратуры толькі паказалі мне, што лжэсведчанне з'яўляецца візітнай карткай беларускай міліцыі", — сказаў лідар АГП.

Па словах апазіцыйнага палітыка, тэкст пастановы пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, зацверджаны подпісам старэйшага следчага Мінскай абласной пракуратуры Аляксандра Азарэвіча змяшчае «значныя разыходжанні з тымі падзеямі, якія мелі месца быць у Валожыне 15 лютага гэтага года», паведамляе сайт АДС.

“Дзякуючы тэксту пастановы здолелі ідэнтыфікаваць тых, хто незаконна не прапускаў людзей да будынка суда, дзе слухалася справа кіраўніка Івянецкай арганізацыі непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Тарэсы Собаль, — распавёў Анатоль Лябедзька. – Пры гэтым супрацоўнікі Валожынскага РАУС А. Бараноўскі, А. Букштановіч, І. Краўневіч, а таксама намеснік начальніка РАУС В. Гарнашкевіч спасылаліся на спецаперацыю і зачынены судовы працэс“.

Па словах старшыні АГП, з тлумачэнняў супрацоўнікаў міліцыі вынікае, што ён заклікаў людзей да беспарадкаў і штурму будынка суда, а таксама распачаў спробу зрабіць на мабільны тэлефон відэаздымку супрацоўнікаў міліцыі, пасля чаго быў затрыманы і дастаўлены ў будынак РАУС. “На відэазапісы, прылучаным да матэрыялаў справы добра відаць, што я стаяў і размаўляў з супрацоўнікам РАУС Гарнашкевічам, і нікога не заклікаў да беспарадкаў“, — сказаў Анатоль Лябедзька.

Старшыня АГП адзначыў, што пасля дзевяці гадзін праведзеных у РАУС, увечары 15 лютага толькі ў судзе Валожынскага раёна ён даведаўся пра тое, што на яго было складзена два адміністрацыйныя пратаколы. “У тэксце пастановы маё дзевяцігадзіннае затрыманне супрацоўнікі міліцыі тлумачаць мне ж наяўнасцю пратаколаў пра адміністрацыйныя правапарушэнні”, — канстатуе апазіцыйны палітык.

Па словах Анатоля Лябедзька, беларускім міліцыянерам “зманіць усё адно, што парушынку з пагона здзьмуць, а абодва пратаколы пра адміністрацыйныя правапарушэнні, якія на яго склалі, з’яўляюцца хлуслівай фальсіфікацыяй“.

“Ва ўсё гэтай бязглуздзіцы, спехам згатаванай напаўпісьменнымі міліцыянерамі, галоўны суддзя ўсяго раёна Зянько А.В.выявіў прыкметы крымінальнага злачынства. Пазбаў божа Беларусь ад суда беспрынцыповага, палітызаванага і хлуслівага. Гэта не суд — гэта палітычнае кілерства», — рэзюмаваў лідар АГП, дадаўшы пры гэтым, што пасля гэтага людзі ў афіцэрскіх пагонах жадаюць, каб да іх яшчэ і ставіліся з належнай павагай.
 

Как вам новость?
Головоломки