Лябедзька прапанаваў патэнцыйным кандыдатам "засунуць амбіцыі у …"

03.06.2010 14:30
Архив Редакция

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька назваў недапушчальным кіравацца падчас выбарчай кампаніі выключна асабістымі амбіцыямі, як гэта, на яго думку, робіць большасць патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. "Пераважнай большасці прэтэндэнтаў я раю засунуць свае амбіцыі ў тое месца, дзе яны не бачныя", — заявіў лідар АГП.

«Большасць носьбітаў прэзідэнцкіх амбіцый не маюць нічога акрамя гэтых самых амбіцый. Ні каманды, ні праграмы, ні рэсурсаў, ні разумення таго, як рэфармаваць краіну», — цытуе палітыка сайт АГП.

«Я хачу сказаць ім усім — рабі як я! Знайдзі сваё месца, тую нішу, у якой ты будзеш карысны і эфектыўны. Крызіс фарміруе попыт на канкурэнтаздольнага кандыдата ў прэзідэнты», — перакананы лідар партыі.

Як мяркуе Анатоль Лябедзька, рэальны прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост павінен быць здольным даць «ясныя адказы на пытанні, якія хвалююць большасць выбаршчыкаў краіны», а таксама мець «дакладнае разуменне, што рабіць з краінай, з эканомікай заўтра, праз месяц, праз год».

Як раней паведамляў Тэлеграф, сам лідар АГП вырашыў не балатавацца ў прэзідэнты на выбарах 2011 года, саступіўшы месца патэнцыйнага кандыдата намесніку старшыні партыі Яраславу Раманчуку, чыя перадвыбарная праграма называецца «Мільён працоўных месцаў для Беларусі». У выпадку перамогі на выбарах прадстаўніка АГП Анатоль Лябедзька мае намер стаць прэм’ер-міністрам.

Как вам новость?