Лябедзька прапанаваў зрабіць Лукашэнку міністрам сельскай гаспадаркі

06.12.2010 12:21
Архив Редакция

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука, Анатоль Лябедзька 5 снежня падчас радыёдэбатаў выказаў прапанову дзейнаму кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку пры новай уладзе заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі. "Каманда Яраслава Раманчука ў кожным з удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі бачыць велізарны патэнцыял", — падкрэсліў лідар АГП.

«Я думаю, што ў народным урадзе, ва ўрадзе нацыянальнай згоды вельмі шыкоўным міністрам культуры мог бы быць Уладзімір Някляеў. Дасведчаны дыпламат Андрэй Саннікаў мог бы кіраваць знешняй палітыкай. Статкевіч — выдатны баявы міністр абароны. Спадар Кастусёў мог бы ўзяць жыллёва-камунальную гаспадарку, не самае выдатнае прэстыжнае месца, але кожнаму з дзевяці ўдзельнікаў можна прапанаваць пасаду, бо за кожным з іх хаця б 0,5% людзей. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, дарэчы, — выдатны міністр сельскай гаспадаркі, які мог бы насамрэч зрабіць рэнтабельнай галіну і даказаць штосьці хаця б на асобным участку працы», — заявіў Анатоль Лябедзька.

У сваім уступным слове лідар АГП адзначыў, што выбаршчыкам «так толкам і не патлумачылі, чаму Аляксандар Лукашэнка павінен сысці». Па словах палітыка, дзейны прэзідэнт павінен сысці «не толькі таму, што стаміўся, знасіўся, забранзавеў», а таму што ён прайграў. «Лукашэнка выйграў усе лакальныя, маленькія бітвы, але прайграў самую галоўную бітву — бітву за тое, якой Беларусі быць заўтра», — заявіў Анатоль Лябедзька. А тыя, хто прайграў, на думку палітыка, «альбо робяць палітычнае харакіры, альбо сыходзяць».

Анатоль Лябедзька падкрэсліў таксама, што ў Беларусі замест чатырох галін улады існуе толькі «адзін ствол, вельмі моцна падобны на зброевы». Так, па словах палітыка, «пры Валянціне Сукалу (старшыня Вярхоўнага суда Беларусі — Тэлеграф) «сукалізацыя» судовай сістэмы дасягнула сваёй найніжэйшай адзнакі — гэта Марыянская ўпадзіна, далей падаць няма куды». Прадстаўнік Яраслава Раманчука падкрэсліў, што парламент краіны павінен выбірацца, а не прызначацца, суд — «вяршыць правасуддзе не па тэлефонным праве», а СМІ — знаходзіцца ў роўных умовах.

У заключэнне свайго выступу Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што дзень выбараў 19 снежня з’яўляецца вельмі адказным момантам для беларусаў, і заклікаў выбаршчыкаў прыйсці ў дзень выбараў на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску. «Пасля 20:00 вазьміце цёплыя рэчы, гарачую гарбату, сваю любімую цешчу, у якой вы, магчыма, забралі пашпарт, і прыйдзіце на плошчу адстойваць сваё права на сумленнасць, на справядлівасць і на свабодныя выбары», — заклікаў палітык.

Как вам новость?
Головоломки